Латвія пачала будаваць уздоўж мяжы з Расеяй і Беларусьсю ланцужок апорных пунктаў — абарончыя ўмацаваньні, розныя перашкоды і склады боепрыпасаў.
Як паведаміла выданьне rus.lsm.lv, першая абарончая лінія ствараецца за адзін кілямэтар ад мяжы з Расеяй, недалёка ад памежнага пункту Церахава ў Лудзенскім краі.
«Тут мы перакопваем дарогу і робім супрацьтанкавы роў, каб па гэтай дарозе ў выпадку неабходнасьці ня мог рухацца транспарт, у тым ліку танкі. Гэты роў мае пэўныя парамэтры і адпаведную глыбіню, каб ён выконваў сваю функцыю», — працытавала выданьне інжынэрнага інспэктара Нацыянальных узброеных сіл Латвіі Каспара Лаздыньша.
Латвія цягам пяці гадоў на стварэньне абарончай лініі выдзеліць 303 мільёны эўра. Плян антымабільнасьці прадугледжвае стварэньне ланцуга штучных і прыродных перашкодаў з улікам рэк, балот і лясоў.
Паводле Каспара Лаздыньша, мінныя палі плянуюць ствараць на выпадак ваенных дзеяньняў, а пакуль гаворка ідзе аб перашкодах без выбуховых рэчываў.
«Гэтая зямля мае ўласьніка. Работы адбываюцца пры ўзаемнай згодзе: уласьнік дазволіў выкапаць тут роў, але права ўласнасьці чалавек захоўвае цалкам. Спачатку мы сканцэнтруемся на першай ліні абароны, якая будзе ісьці ўздоўж мяжы», — патлумачыў ён.
На другім этапе перашкоды дадаткова ўмацуюць «зубамі цмока». «Але для кожнай тэрыторыі будуць свае рашэньні. Плянуем выкарыстоўваць ня толькі ўласныя рэсурсы, але і далучаць цывільныя кампаніі», — паведаміў ён.
Месцы для захоўваньня боепрыпасаў вызначаць пазьней.
«Мы вызначым месцы, дзе яны нам неабходныя, паколькі ёсьць заканадаўства і мы ня можам складваць боепрыпасы, дзе пажадаем. Усё мусіць знаходзіцца на ўмацаваных афіцыйных складах, але таксама вызначым месцы, куды іх можна і трэба будзе падвозіць у выпадку неабходнасьці», — удакладніў інжынэрны інспэктар Нацыянальных узброеных сіл Латвіі Каспар Лаздыньш.
Латвія пачала будаваць загароду на мяжы зь Беларусьсю ў 2022 годзе, каб спыніць незаконны мігранцкі паток, які адбываўся зь беларускай тэрыторыі. Будаўніцтва плоту працягласьцю 173 кілямэтры завяршылі ў канцы 2023 году.
Форум