Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка заклікаў урад Латвіі перагледзець рашэньне аб забароне ўезду ў гэтую краінв аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі , піша «Позірк».
«Таксама мы зьвяртаемся да ўладаў Польшчы і Літвы ўстрымацца ад падобных мер, якія найперш закранаюць беларускае грамадзтва, а не рэжым Лукашэнкі», — заявіў Латушка ў сваім ютуб-канале.
Паводле яго, улады ў Менску «ствараюць для Латвіі і ЭЗ рэальныя пагрозы, у тым ліку гібрыдную агрэсію праз стварэньне штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы, а таксама іншыя варожыя дзеяньні, у тым ліку павелічэньне ваеннай пагрозы, дывэрсійную і прапагандысцкую дзейнасьць, якая праводзіцца рэжымам супраць латвійскага грамадзтва і дзяржавы».
«Таксама важна адзначыць, што распаўсюджаны выпадкі, калі грамадзяне Расеі ў мэтах абыходу ўведзеных абмежаваньняў выкарыстоўвалі аўтамабілі на беларускіх нумарах для перасячэньня мяжы з Латвіяй», — зазначыў палітык.
Дэмакратычныя сілы, дадаў ён, «цалкам падтрымліваюць спыненьне транзыту тавараў, прызначаных для гандлю, празь мяжу ЭЗ — Беларусь», бо гэта «дазваляе рэжыму Лукашэнкі дывэрсіфікаваць крыніцы даходу для дапамогі агрэсару і садзейнічае прадаўжэньню агрэсіўнай вайны».
«Аднак мы чарговы раз даводзім нашую пазыцыю аб немэтазгоднасьці абмежаваньня мабільнасьці і перамяшчэньня людзей. Важна захаваць кантакты паміж супольнасьцю выгнаных са сваёй краіны беларусаў і тымі, хто застаўся ўнутры Беларусі», — падкрэсьліў Латушка.
На яго перакананьне, «перабоі ў пасажырапатоку» будзе выкарыстоўваць беларуская прапаганда, каб «падарваць палітыку ЭЗ ў дачыненьні да Беларусі, паказваючы, што Эўропа ізалюе Беларусь, а не рэжым Лукашэнкі».
«НАУ лічыць, што неабходна дэманстраваць людзям, што абмежаваньні скіраваныя ня супраць іх, а супраць злачыннага рэжыму. Таксама лічым неабходным даць магчымасьць тым, хто хаваецца на тэрыторыі ЭЗ ад рэжыму Лукашэнкі, у льготным парадку перарэгістраваць свае транспартныя сродкі», — сказаў Латушка.
Раней 15 ліпеня АПК назваў «немэтазгодным» увядзеньне Латвіяй забароны на ўезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі.
З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі будзе забаронена ўяжджаць у Эўразьвяз праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларусьсю і Расеяй.
Рыга пайшла на гэты крок, каб забясьпечыць выкананьне санкцый ЭЗ.
«Асоба з зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродкам павінна будзе вярнуцца з пункту пропуску ў краіну, зь якой яна мела намер уехаць у Латвію. У выпадку адмовы ад выкананьня патрабаваньняў транспарт можа быць канфіскаваны», — гаворыцца ў публікацыі партала lsm.lv.
Забарона не распаўсюджваецца на транспарт, які выкарыстоўваюць дыпляматы.
Міністэрства юстыцыі распрацоўвае законапраект, які забараняе зарэгістраванаму ў Беларусі транспарту заставацца ў Латвіі і перасякаць мяжу транзытам. Аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, якія ўжо знаходзяцца на латвійскай тэрыторыі, давядзецца перарэгістраваць. Дакумэнт рыхтуецца да перадачы ў камісію Саэймы ў нацыянальнай эканоміцы, аграрнай, экалягічнай і рэгіянальнай палітыцы.
Гэтая норма ўжо дзейнічае ў адносінах да зарэгістраванага ў Расеі транспарту.
29 чэрвеня Рада ЭЗ прыняла новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашыраная забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЭЗ прычэпамі і паўпрычэпамі зь беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.
Акрамя таго, каб мінімізаваць рызыку абыходу санкцый, зарэгістраваным у ЭЗ кампаніям, якія належаць беларускім фізычным або юрыдычным асобам на 25% або больш, «павінна быць забаронена станавіцца аўтатранспартным прадпрыемствам або перавозіць тавары аўтатранспартам у саюзе, у тым ліку транзытам».