Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі на мяжы зь Беларусьсю адкрылі аўтаматызаваную сыстэму памежнага маніторынгу


Рыга, сталіца Латвіі. Ілюстрацыйнае фота
Рыга, сталіца Латвіі. Ілюстрацыйнае фота

Стварэньне аўтаматызаванай інфраструктуры памежнага маніторынгу супольна фінансавалі ўрад Латвіі і Эўразьвяз.

Дэлегацыі Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі і Генэральнага дырэктарату ў міграцыі і ўнутраных справах Эўракамісіі абмеркавалі актуальныя патрэбы ў маніторынгу мяжы паміж Латвіяй і Беларусьсю, а таксама меры для ўмацаваньня ўнутранай бясьпекі на мяжы ў адказ на гібрыдную пагрозу з боку Беларусі.

У часе візыту ў Латвію дэлегацыя Генэральнага дырэктарату ў міграцыі і ўнутраных справах Эўракамісіі наведала Даўгаўпілскае ўпраўленьне Дзяржаўнай памежнай аховы, дзе адбылося адкрыцьцё праекту «Аўтаматызаваная інфраструктура памежнага маніторынгу», які фінансавалі супольна латвійскі ўрад і Эўракамісія.

Дэлегацыя Генэральнага дырэктарату ў міграцыі і ўнутраных справах Эўракамісіі азнаёмілася з функцыянаваньнем цэнтру разьмяшчэньня затрыманых іншаземцаў «Даўгаўпілс», у якім напярэдадні разьмясьцілі 12 грамадзян Індыі і Пакістану — яны незаконна перасеклі мяжу Латвіі з боку Беларусі і змаглі дабрацца да Рыгі, дзе іх затрымалі ў адным зь мясцовых санаторыяў.

У Дзяржаўнай памежнай ахове Латвіі паведамілі, што цяпер іншаземцам за незаконнае перасячэньня мяжы пагражае доўгатэрміновае пазбаўленьне волі — такія зьмены набылі юрыдычную моц у кастрычніку 2023 году.

З пачатку году ў Латвіі завялі крымінальныя справы супраць 15 іншаземцаў, аднаго зь іх — грамадзяніна Пакістану — суд у сакавіку асудзіў на 6 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі.

Агульная працягласьць мяжы Латвіі зь Беларусьсю складае амаль 173 кілямэтры. У 2022 годзе Латвія пачала ўзводзіць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць незаконную міграцыю зь беларускай тэрыторыі.

У верасьні 2023 году Латвія закрыла пераходны пункт Сіленэ/Урбаны на мяжы зь Беларусьсю дзеля сваёй бясьпекі. Цяпер на латвійска-беларускай мяжы з двух дзейнічае толькі адзін пункт пропуску — Патэрніекі/Грыгораўшчына — для легкавікоў, грузавікоў і раварыстаў.

У пачатку траўня 2024 году Латвія пачала будаваць уздоўж мяжы з Расеяй і Беларусьсю ланцужок апорных пунктаў — абарончыя ўмацаваньні, розныя перашкоды і склады боепрыпасаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG