Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская мытня забараніла ўезд зь Беларусі аўтамабіляў без уладальніка


Легкавікі на польска-беларускай мяжы
Легкавікі на польска-беларускай мяжы

Уезд у Польшчу на аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй безь яго ўладальніка немагчымы.

Польская мытня ў адказ на запыт Reform.news пацьвердзіла ўвядзеньне новых абмежаваньняў на мяжы. У афіцыйным адказе прадстаўнік мытнай службы спасылаецца на дапаўненьні, унесеныя ў рэглямэнт Эўрапейскай рады, якім рэгулюецца санкцыйны рэжым у дачыненьні Беларусі. Яны былі ўнесеныя рэглямэнтам 29 чэрвеня 2024 году.

У прыватнасьці, размова ідзе аб артыкуле 1ra, якім уводзіцца забарона на імпарт у краіны Эўразьвяза тавараў, указаных у дадатку XXVII да рэглямэнту. У яго ўключаны і аўтамабілі.

Артыкул зьмяшчае параграф, які дазваляе ў выглядзе выключэньня кампэтэнтным органам краіны – сябра Эўразьвязу дазваляць уезд на тэрыторыю ЭЗ аўтамабіляў зь Беларусі пры выкананьні пэўных умоў.

«Кампэтэнтныя органы, дзейнічаючы ў адпаведнасьці з артыкулам 1ra параграфам 5 могуць дазволіць, на тых умовах, якія яны лічаць мэтазгоднымі, уезд транспартнага сродку, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, што мае сапраўдную візу або дазвол на жыхарства, які дазваляе ўезд у ЭЗ. Падводзячы вынік, уезд на зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродку безь яго ўладальніка немагчымы», — гаворыцца ў адказе.

Інфармацыя аб забароне на ўезд аўтамабіляў зь Беларусі ў Польшчу без уладальніка зьявілася ўчора ў чатах, дзе абмяркоўваецца праходжаньне мяжы паміж дзьвюма краінамі. Удзельнікі абмеркаваньня паведамлялі, што ўладальнік аўтамабіля мусіць прысутнічаць у машыне ў момант перасячэньня мяжы. Яму не абавязкова знаходзіцца за стырном. Праезд па даверанасьці немагчымы.

Трэба адзначыць, што дадатак XXVII (са старонкі 241 дакумэнту) зьмяшчае даволі шырокі пералік тавараў, у тым ліку ў ім указаны тытунёвыя вырабы і алькаголь, якія зараз таксама нельга правозіць празь мяжу.

Раней польская мытня ўжо забараніла вываз шэрагу тавараў у Беларусь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG