Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 гадоў таму застрэлілі прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі. Фільм пра менскі сьлед імавернага забойцы


Джон Кэнэдзі разам з жонкай Жаклін за некалькі хвілінаў да забойства, 22 лістапада 1963 года, Далас (ЗША)
Джон Кэнэдзі разам з жонкай Жаклін за некалькі хвілінаў да забойства, 22 лістапада 1963 года, Далас (ЗША)

Шэсьцьдзесят гадоў таму, 22 лістапада 1963 году, прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі забілі ў Даласе, калі праяжджаў у адкрытым лімузыне – на вачах у жонкі Жаклін і тысяч амэрыканцаў.

46-гадовы прэзыдэнт Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны, калі быў дастаўлены ў мясцовы шпіталь. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. На працягу наступных гадзіны з паловай падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце яго знайшлі і арыштавалі.

24-гадовы Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959-м годзе эміграваў у СССР, пасьля непрацяглага знаходжаньня ў Маскве правёў некалькі гадоў у Менску, ажаніўся на мянчанцы Марыне Прусаковай і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м. Ён сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў з забойчай зброі.

Освальд з жонкай Марынай на бальконе менскай кватэры
Освальд з жонкай Марынай на бальконе менскай кватэры

Самога Освальда застрэлілі праз два дні, у жывым тэлеэфіры, калі яго вялі па калідоры офісу паліцыі, каб перавезьці ў турму. Страляў у яго ўладальнік начнога клюбу Джэк Рубі.

Урадавая камісія пад кіраўніцтвам Старшыні Вярхоўнага суда ЗША Эрла Ўорэна ў 1964 годзе прыйшла да высновы, што Освальд дзейнічаў у адзіночку. Іншую выснову зрабіў у 1978-м годзе Спэцыяльны камітэт у справе тэрарызму, заявіўшы, што гэта была верагодна змова. Але камітэт ня мог вызначыць ніводнага іншага яе ўдзельніка, акрамя Освальда.

Да 50-х угодкаў забойства прэзыдэнта Кенэдзі Радыё Свабода зьняла дакумэнтальны фільм «Освальд у Менску» (аўтары — Алесь Матафонаў, Павал Буторын, Брус Джэкабс і Аляксандар Лукашук), які атрымаў «Срэбную Ўзнагароду Адметнасьці» ад амэрыканскай Акадэміі інтэрактыўнага і візуальнага мастацтва (Нью-Ёрк).


У сьнежні 2021 у Злучаных Штатах рассакрэцілі шэраг дакумэнтаў, зьвязаных са справай аб забойстве Джона Кенэдзі. Усяго Нацыянальны архіў ЗША раскрыў 1491 дакумэнт, які раней быў недасяжны дасьледчыкам. Паводле ацэнак, аднак, публікацыя часткова адрэдагаваных (замаскаваных) дакумэнтаў не зьмяшчае інфармацыі, якая магла б істотна зьмяніць разуменьне абставінаў сьмерці 5-га прэзыдэнта ЗША.

Спампаваць кнігу Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску» можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG