Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн па выніках 75-га саміту NATO заявіў, што краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу маюць намер абараняць будучыню Ўкраіны.
«Мы абʼядналі намаганьні перад тварам жорсткай і бессэнсоўнай вайны Пуціна. Мы падтрымліваем Украіну і маем намер абараняць яе будучыню, — адзначыў ён. — Як я ўжо сказаў, Расея не пераможа ў гэтай вайне, Украіна пераможа, і мы будзем падтрымліваць кожны крок гэтага працэсу».
У Вашынгтоне на саміце NATO прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў аб пачатку «Ўкраінскай дамовы», якая зьяўляецца часткай абавязаньняў у дачыненьні доўгатэрміновай бясьпекі Ўкраіны. Дакумэнт ухвалілі 24 лідэры краін — сяброў альянсу, паведамляе украінская служба Радыё Свабода..
Як паведамляецца на сайце Белага дома, гэтая дамова выконвае абяцаньне, якое прэзыдэнт Байдэн і гэтыя краіны далі ў Вільні ў 2023 годзе: правесьці перамовы з Украінай пра доўгатэрміновыя двухбаковыя пагадненьні аб бясьпецы з мэтай падтрыманьня Ўкраіны ў яе абароне цяпер і стрымліваньня агрэсіі ў будучыні як часткі яе шляху да сяброўства ў NATO.
«Мы пацьвярджаем, што бясьпека Ўкраіны зьяўляецца неадʼемнай часткай бясьпекі эўраатлянтычнага рэгіёну і за яго межамі, і што мы маем намер падтрымліваць Украіну, пакуль яна не пераможа расейскую агрэсію», — гаворыцца ў дакумэнце.
Акрамя таго, падпісанты абавязаліся «хутка і калектыўна» сабрацца на самым высокім узроўні для ўзгадненьня крокаў у падтрымку Ўкраіны ў выпадку магчымага будучага нападу.
«У выпадку будучага ўзброенага нападу Расеі на Ўкраіну пасьля завяршэньня цяперашніх баявых дзеяньняў хутка і калектыўна сабрацца на самым высокім узроўні для вызначэньня адпаведных наступных крокаў у падтрымку Ўкраіны ў ажыцьцяўленьні ёю свайго права на самаабарону, замацаванага ў артыкуле 51 Статуту ААН, уключаючы аказаньне хуткай і сталай дапамогі ў сфэры бясьпекі і накладаньне на Расею эканамічных і іншых санкцый», — гаворыцца ў дамове.
9-11 ліпеня ў Вашынгтоне праходзіў саміт NATO. Пытаньне стрымліваньня агрэсіі Расеі і падтрымкі Ўкраіны было адным з галоўных.
Форум