Затрыманьне з канфіскацыяй адбыліся ў пункце пропуску «Казловічы». Кулі знайшлі ў грузавіку Mercedes, якім кіраваў 55-гадовы грамадзянін Беларусі. Прэс-служба мытні піша, што дзьве скрынкі з тысячай гібрыдных вінтовачных куляў былі схаваныя ў тэхналягічных нішах інструмэнтальнай скрыні цягача.
«Кошт куляў амэрыканскай вытворчасьці склаў больш за 7 тысяч рублёў», — праінфармавалі ў Дзяржаўнай мытнай службе.
Яшчэ адну спробу правозу боепрыпасаў спынілі ў пункце пропуску «Берасьце». 49-гадовы грамадзянін Беларусі схаваў кулі і гільзы на сваім целе. Мытнікі зьвярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны беларуса і адправілі яго на паглыблены надгляд.
«Пад штанамі знайшліся кулі і гільзы, прымацаваныя клейкай стужкай да ног, яшчэ пэўную колькасьць ён разьмясьціў у сваім абутку. Усяго на ім аказалася 200 куляў і больш за 100 гільзаў на больш як 5 тысяч рублёў. А яшчэ ён „забыўся“ задэкляраваць аптычны прыцэл, лазэрны далёкамер, трыножак да яго, тактычныя жгуты», — дадалі ў ДМК.
Супраць мужчын пачалі адміністрацыйныя працэсы за парушэньне правілаў дэкляраваньня тавараў (частка 2 артыкулу 15.1 КаАП). Ім пагражае буйны штраф.
Форум