Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы суд у Расеі прыгаварыў рэжысэрку Бярковіч і драматургіню Петрыйчук да 6 гадоў зьняволеньня кожную


Сьвятлана Петрыйчук і Яўгенія Бярковіч
Сьвятлана Петрыйчук і Яўгенія Бярковіч

Другі заходні акруговы вайсковы суд у Маскве прыгаварыў рэжысэрку Яўгенію Бярковіч і драматургіню Сьвятлану Петрыйчук да 6 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў апраўданьні тэрарызму.

Падставай для абвінавачаньняў стаў спэктакль «Фініст ясны сокал» пра расейскіх дзяўчат, якія зьяжджаюць у Сырыю для шлюбу з радыкальнымі ісламістамі.

Напісаная Петрыйчук п’еса і пастаўлены Бярковіч спэктакль па ёй былі адзначаныя тэатральнымі ўзнагародамі, у тым ліку нацыянальнай «Залатой маскай». Аўтары адмаўляюць абвінавачаньні ў свой адрас. У іх абарону выказваліся, у тым ліку на судзе, прадстаўнікі тэатральнай і акторскай супольнасьці, праваабаронцы і грамадзкія дзеячы.

Спрэчкі бакоў праходзілі ў панядзелак у судзе ў закрытым рэжыме. 13 чэрвеня судзьдзя па просьбе пракурора закрыў пасяджэньні праз пагрозы, якія, як сьцьвярджалася, атрымаў неназваны ўдзельнік працэсу.

Кожны дзень, праведзены ў СІЗА, будзе залічаны Бярковіч і Петрыйчук за адзін дзень у калёніі, а не за два, — такую меру ўжываюць да абвінавачаных у тэрарыстычных злачынствах. Прысуд пакуль не набыў законнай моцы.

Ён будзе абскарджаны, паведаміла адвакатка Ксенія Карпінская. «У дзень каханьня і вернасьці пракурор атрымала букет кветак. І зусім спакойна адправіла гэтых дзяўчат у турму. І ніхто не падумаў ні пра міласэрнасьць, ні пра справядлівасьць, ні пра што-небудзь яшчэ, — цытуе яе „Мэдыязона“. — Вядома, у нас няма выйсьця, і мы будзем абскарджваць. Але я лічу, што тыя людзі, якія маюць дачыненьне да гэтага рашэньня, яны будуць з гэтым жыць, і, магчыма, калі-небудзь справядлівасьць пераможа».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG