Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Голуб міру ў падтрымку Бяляцкага». Нобэлеўскі цэнтар міру зладзіў акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Плякат падчас адной з акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі ў Варшаве
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Плякат падчас адной з акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі ў Варшаве

5 ліпеня Нобэлеўскі цэнтар міру зладзіў акцыю салідарнасьці зь палітзьняволеным старшынём «Вясны», Нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і іншымі палітвязьнямі Беларусі.

Роўна а 12:00 кожную пятніцу ў летнія месяцы голуб міру вылятае з акна Нобэлеўскага цэнтру міру ў Осла (Нарвэгія). Калі ён пралятае над гарадзкой плошчай у Осла, званы мэрыі граюць мэлёдыю песьні Джона Ленана «Дайце міру шанец» (Give Peace a Chance).

5 ліпеня голуба міру выпусьцілі ў падтрымку і «з надзеяй на вызваленьне» кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», Нобэлеўскага ляўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, які ўжо амаль тры гады знаходзіцца за кратамі, а таксама ў падтрымку ўсіх беларускіх палітвязьняў. Відэа акцыі апублікаваў акаўнт «Вясны» у сацыяльнай сетцы Х.

«На гэтым тыдні лідэр краіны Аляксандар Лукашэнка вызваліў 10 палітвязьняў* у сувязі з амністыяй, і падаў сыгнал, што іншыя цяжкахворыя палітвязьні таксама могуць быць вызваленыя. Так што сёньня наш голуб міру паляціць з надзеяй на вызваленьне Нобэлеўскага ляўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў у Беларусі», — прамовіла прадстаўніца Нобэлеўскага цэнтру міру перад запускам голубу міру.

*Паводле апошніх зьвестак, праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома ўжо пра 18 палітзьняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.

Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых. Паводле інфармацыі «Вясны», частка палітвязьняў выйшлі паводле памілаваньня, а не па амністыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG