Пра спыненьне блякады паведаміла радыёстанцыя RMF FM. Выданьне паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што гэта была дэманстрацыя магчымасьцяў і выразны сыгнал рэжыму Лукашэнкі, што польскія ўлады могуць законна заблякаваць чыгуначны транзыт з усходу ў Эўразьвяз. Гэтую інфармацыю перадалі радыё польскія дыпляматы.
Афіцыйна мытныя службы паведамілі, што праводзіліся плянавыя кантрольныя захады для абароны мытнай тэрыторыі Эўразьвязу ад паступленьня небясьпечных грузаў або рэчываў. Старанна правяралася зьмесьціва кантэйнэраў, якія трапілі ў Польшчу празь Беларусь — у асноўным з Кітаю.
Польскі ўрад вырашыў аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, для якога даходы ад транзыту складаюць вялікую частку даходаў, адзначылі на радыё. У Польшчы разьлічваюць на ціск на Менск з боку Кітаю, які можа прайграць у выпадку блякаваньня тэрміналу ў Малашэвічах. Менавіта адсюль кітайскія тавары трапляюць на Захад па сушы.
Раней польскія ўлады па дыпляматычных каналах заявілі, што патрабуюць ад беларускіх уладаў выдаць мігранта, пасьля нападу якога на мяжы загінуў польскі жаўнер, спыніць мігранцкі ціск на мяжу і вызваліць палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.
Нядаўна зь візытам у Пэкіне пабываў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, ён выказаўся у размове зь Сі Цзінпінем аб праблемах у дачыненьнях зь Беларусьсю.
Форум