Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніхто не заступіўся за рэжым Лукашэнкі на абмеркаваньні дакладу па Беларусі на 56-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека


Спэцыяльная дакладчыца па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн
Спэцыяльная дакладчыца па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн

3 ліпеня прайшоў інтэрактыўны дыялёг па Беларусі на 56-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека.

На ім Спэцыяльная дакладчыца па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн прадставіла новы даклад па сытуацыі ў краіне.

Прадстаўнікоў афіцыйнага Менску на паседжаньні не было. Падчас абмеркаваньня дакладу ніводная краіна не заступілася за рэжым Лукашэнкі, піша «Позірк».

Пасьля прэзэнтацыі дакладу, падчас яго абмеркаваньня, усе сьпікеры ад імя сваіх краін, аб’яднаньняў ці арганізацыяў у той ці іншай форме выказвалі трывогу наконт пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, перасьледу журналістаў і праваабаронцаў, адвольных арыштаў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, катаваньняў і сьмерцяў у месцах зьняволеньня, становішча палітвязьняў, ціску на грамадзян унутры Беларусі і за яе межамі.

Яны заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць палітвязьняў, пачаць супрацоўнічаць зь міжнароднымі праваабарончымі мэханізмамі, спыніць садзейнічаньне расейскай агрэсіі супраць Украіны.

  • Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс ад імя краін Паўночнай Эўропы канстатаваў, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца, а рэпрэсіі, частку якіх можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасьці, «дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню». Ён заклікаў узмацніць ціск на ўлады Беларусі, каб прымусіць іх выконваць абавязаньні ў галіне правоў чалавека, бо беспакаранасьць «толькі падштурхоўвае беларускія ўлады да зьдзяйсьненьня злачынстваў».
  • Эўразьвяз выказаў трывогу наконт «масавага падаўленьня правоў чалавека ва ўсіх сфэрах жыцьця беларускага грамадзтва».
  • Польшча, сярод іншага, зьвярнула ўвагу на ўзмацненьне ціску пасьля ўступленьня Беларусі ў «новы выбарчы цыкль», выказала занепакоенасьць у сувязі зь «перасьледам прадстаўнікоў меншасьцяў у Беларусі, у тым ліку польскай меншасьці».
  • Чэхія падкрэсьліла, што ў Беларусі знаходзяцца ў зьняволеньні «больш за 4% усіх затрыманых у сьвеце журналістаў» і што Менск павінен «забясьпечыць бясьпечнае асяродзьдзе, у якім грамадзянская супольнасьць зможа выконваць сваю працу без запалохваньня, перашкодаў, актаў адплаты».
  • ЗША зьвярнулі ўвагу на тое, што беларускія ўлады «інтэрнацыяналізуюць свой ціск, прыгнятаюць беларусаў за мяжой» за ажыцьцяўленьне імі «сваіх правоў і свабодаў», у тым ліку шляхам завочнага крымінальнага перасьледу, канфіскацыі маёмасьці, ціску на іх семʼі ўнутры краіны. Вашынгтон заклікаў рэжым Лукашэнкі «ўступіць у мірны дыялёг аб дэмакратыі і будучыні Беларусі».
  • Канада зьвярнула ўвагу на «прыгнёт актывістаў і іх семʼяў у краіне і за мяжой», выказала захапленьне «ўпартасьцю і мужнасьцю беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратычнае квітнеючае грамадзтва», і паабяцала працягваць падтрымліваць беларускі народ.
  • У Вялікай Брытаніі «выклікала шок ступень прыгнёту і рэпрэсіяў» у Беларусі. Лёндан заклікаў Менск прыслухацца да дакладу Марэн і «аднавіць грамадзянскую супольнасьць».
  • Ліхтэнштэйн выказаў шкадаваньне, што за парлямэнцкімі і мясцовымі выбарамі ў лютым 2024 году не назіралі прадстаўнікі АБСЭ, і заклікаў супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам СПЧ ААН — «шляхам наданьня доступу ў краіну і выкананьня рэкамэндацыяў», а таксама зь іншымі міжнароднымі мэханізмамі, «у тым ліку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году».
  • Францыя асудзіла «непрымірымасьць беларускіх уладаў у дачыненьні да любых формаў крытыкі» і выказала шкадаваньне ў сувязі зь «ціскам на грамадзян за мяжой у сьвятле спыненьня выдачы дакумэнтаў консульскімі органамі, завочных судоў».
  • Славенія заклікала Беларусь «выконваць правы і свабоды сваіх грамадзян у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі», спыніць практыку незаконнага перамяшчэньня дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
  • Бэльгія, сярод іншага, асудзіла практыку ўжываньня сьмяротнага пакараньня, заклікала Беларусь «гарантаваць свабоду асацыяцый і спыніць зачыстку грамадзянскай прасторы ад непажаданых арганізацый з прычыны так званай неляяльнасьці».
  • Люксэмбург выказаў занепакоенасьць «заканадаўчым замацаваньнем практыкі жорсткага абыходжаньня з грамадзянамі», а таксама дазволам вайскоўцам ужываць зброю супраць грамадзян і зьняцьцем зь іх адказнасьці ў выпадку сьмерці апошніх.
  • Гішпанія адзначыла, што «адсутнасьць свабодаў у краіне пагаршаецца пераўтварэньнем антытэрарыстычнага і антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў інструмэнт рэпрэсіяў супраць усіх, хто не прытрымліваецца афіцыйнай лініі».
  • Кіпр асудзіў «сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека» ў Беларусі, а таксама «гібрыдную атаку» Менску на зьнешнія межы ЭЗ з дапамогай мігрантаў.
  • Альбанія выказала салідарнасьць беларускай грамадзянскай супольнасьці і запэўніла, што «і надалей будзе падтрымліваць яе ў барацьбе за вяршэнства права» і ператварэньне Беларусі ў «краіну, дзе кожны можа рэалізоўваць свае правы без дыскрымінацыі».
  • Баўгарыя заклікала Менск спыніць мілітарызацыю беларускага грамадзтва, «асабліва моладзі і дзяцей».
  • Аўстрыя заклікала рэжым Лукашэнкі «выконваць правы чалавека, прытрымлівацца прынцыпаў вяршэнства права і дэмакратыі, пачаць расьсьледаваньне выпадкаў сьмерці, жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні, расьсьледаваць практыку перасьледу з палітычных матываў».
  • Швайцарыя канстатавала, што беларускае заканадаўства адкарэктаванае так, каб «апраўдаць дыскрымінацыю і нецярпімасьць, рэпрэсіі супраць дысыдэнтаў унутры краіны і за яе межамі», і заклікала «дэкрыміналізаваць працу незарэгістраваных арганізацый, перастаць адвольна вешаць на арганізацыі цэтлікі экстрэмісцкіх».
  • Румынія выступіла ў падтрымку імкненьня беларускага народу мець «вольную, незалежную, дэмакратычную краіну» і нагадала, што «выкананьне абавязаньняў па міжнародным праве зьяўляецца абавязкам і адказнасьцю кожнай дзяржавы, Беларусь ня можа быць выключэньнем».
  • Малдова заклікала Менск «уступіць у транспарэнтны дыялёг зь міжнароднымі праваабарончымі мэханізмамі».
  • Славаччына адзначыла «трывожную эвалюцыю парушэньняў правоў чалавека» ў Беларусі і канстатавала, што рэжым Лукашэнкі «павольна, але дакладна душыць іншадумства».
  • На думку Ўкраіны, Беларусь «падышла да трывожнай крытычнай стадыі». Кіеў падкрэсьліў, што да зьняволеньня прыводзіць «проста выступ супраць палітыкі Лукашэнкі», а таксама «публічнае асуджэньне агрэсіі Расеі супраць Украіны».
  • Армэнія заявіла, што «дэфіцыт дэмакратыі» ў Беларусі і «вельмі абмежаваная грамадзянская прастора» наўпрост уплывае на бясьпеку ў рэгіёне, а пастаўкі зброі зь Беларусі «садзейнічаюць гвалту, вайне, этнічным чысткам і грубым парушэньням правоў чалавека».

Пра пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (у тым ліку з правамі дзяцей, жанчын, пацыфістаў, адвакатаў) заявілі прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацый — Human Rights Watch, Фонду правоў чалавека, Інтэрнацыяналу супраціву вайне, Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў, «Юрысты за правы чалавека», Цэнтру глябальнага незабойства, Civicus, Міжнароднай камісіі юрыстаў, Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека, Conscience and Peace Tax International.

  • 5 чэрвеня Спэцыяльная дакладчыца па Беларусі Анаіс Марэн прэзэнтавала чарговы даклад па Беларусі. У ім яна падала агляд асноўных праблем у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 красавіка 2023 году па 31 сакавіка 2024 году.
  • У дакладзе гаворыцца, што сытуацыя ў краіне працягвае пагаршацца на фоне таго, як Беларусь увайшла ў новы выбарчы цыкль. У ім разглядаецца, як супраць беларусаў ужываюцца рэпрэсіі — і ўнутры краіны, і за яе межамі. Асаблівую ўвагу спэцдакладчыца аддала праву на свабоду асацыяцый і адзначыла мэтанакіраванае выкараненьне з 2021 году ўсіх незалежных асацыяцый у Беларусі — гэта закранула арганізацыі ды ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці, палітычныя партыі, прафсаюзы, калегіі адвакатаў і рэлігійныя арганізацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG