Беларускія ўлады працягваюць зачышчаць грамадзянскую супольнасьць, душыць свабоду выказваньня меркаваньняў і выкараняць палітычную апазыцыю, заявіла спэцыяльная дакладчыца па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе Генэральнай Асамблеі ААН.
«З 2020 году многіх дзеячоў апазыцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, юрыстаў і журналістаў затрымлівалі, прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці і называлі „экстрэмістамі“. Перасьлед, рэпрэсіі і страх вымусілі тых, хто не знаходзіцца за кратамі, шукаць прытулку за мяжой», — цытуе спэцыяльную дакладчыцу па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн Праваабарончы цэнтар «Вясна».
У сваім дакладзе на Генэральнай Асамблеі Марэн адзначыла, што беларускае заканадаўства ўтрымлівае расплывістыя азначэньні паняцьцяў «тэрарызм» і «экстрэмізм», тлумачэньні якіх могуць уключаць дзейнасьць, зьвязаную з законным ажыцьцяўленьнем правоў чалавека.
Экспэртка зьвярнула ўвагу, што колькасьць абвінаваўчых прысудаў за тэрарызм павялічылася ў дачыненьні да асоб, якія спрабавалі дакумэнтаваць транзыт расейскіх войскаў і вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі або перашкаджаць яму.
Сфэра прымяненьня сьмяротнага пакараньня, якое выкарыстоўвалася ў Беларусі ў тым ліку за тэрарызм, была пашырана і цяпер уключае ў сябе «плянаваньне» або «спробы» тэрарыстычнага акту, а таксама дзяржаўную здраду.
«Ператварэньне заканадаўства ў зброю магчыма таму, што ў Беларусі няма гарантый справядлівага судовага разбору, судовыя слуханьні праводзяцца за зачыненымі дзьвярыма і на адвакатаў накладаюць пагадненьні аб невыдаваньні», — заявіла спэцыяльная дакладчыца.
«Асобныя асобы і арганізацыі, абвінавачаныя Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) у дачыненьні да тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасьці, трапляюць у „чорны сьпіс“, зазнаюць перасьлед, нападкі і санкцыі безь якога-небудзь судовага працэсу», — заявіла Марэн.
«Міністэрства інфармацыі вядзе сьпіс „экстрэмісцкіх матэрыялаў“, які за апошнія гады калясальна вырас, — сьцьвярджае яна, — і ўключае акаўнты ў сацыяльных сетках, сайты праваабарончых арганізацый, незалежных прафсаюзаў і СМІ, а таксама літаратуру або мастацкія творы, прызнаныя экстрэмісцкімі праз крытыку ўраду ці яго дзеяньняў».
Экспэртка падкрэсьліла, што гэтая практыка накіраваная на падаўленьне любога іншадумства ў краіне, дзе апошнія два гады праводзіліся зачысткі грамадзянскай супольнасьці. Яна выказала занепакоенасьць з нагоды заканадаўчых зьменаў, накіраваных супраць сотняў тысяч беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і суды над якімі прайшлі завочна.
«Асобы, прызнаныя вінаватымі ў „экстрэмізьме“ або „тэрарызьме“, рызыкуюць быць пазбаўленымі грамадзянства, а іх актывы і маёмасьць у Беларусі могуць канфіскаваць», — сказала яна.
Спэцыяльная дакладчыца заклікала беларускія ўлады спыніць злоўжываньне заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам і вызваліць усіх асоб, адвольна затрыманых або асуджаных па палітычна матываваных абвінавачваньнях.