Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч выступіла з рэзкім асуджэньнем палітычна матываваных прысудаў у працэсе, які рэжым Лукашэнкі назваў «справай аналітыкаў Ціханоўскай».
«Калектыўны судовы працэс па неабгрунтаваных і надуманых абвінавачаньнях быў праведзены зь відавочным грэбаваньнем належнай прававой працэдурай і служыць яшчэ адным яркім напамінам пра сыстэматычныя і шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў выніку палітычных рэпрэсій у краіне», — цытуе генэральнага сакратара Рады Эўропы прэс-служба арганізацыі.
Паводле Пэйчынавіч-Бурыч, у ліку адвольна асуджаных у завочным парадку асобаў ёсьць партнэры Рады Эўропы, якія «падзяляюць нястомную прыхільнасьць агульным эўрапейскім каштоўнасьцям — правам чалавека, вяршэнству закону і дэмакратыі».
Яна дадала, што арганізацыя «абсалютна салідарная» з усімі палітвязьнямі ў Беларусі і патрабуе іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня. Вінаватыя ў прычыненьні ім пакутаў павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці «ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», лічыць яна.
Дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Матэа Мэкачы назваў прысуды па «справе аналітыкаў Ціханоўскай» парушэньнем свабоды слова і заклікаў рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх, хто несправядліва зьняволены з палітычных матываў у Беларусі.
«Гэтыя прысуды парушаюць некалькі самых фундамэнтальных абавязаньняў Беларусі ў галіне павагі да правоў чалавека і вяршэнства права. Мы глыбока занепакоеныя і ўстрывожаныя шматлікімі прысудамі лідэрам грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі ў апошнія гады. Мы зноў зьвяртаемся да беларускіх уладаў з настойлівым заклікам дазволіць свабоднае выказваньне іншадумства і вызваліць усіх, хто быў несправядліва заключаны ў турму», — заявіў Мэкачы.
1 ліпеня Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла пра вынясеньне прысуду адносна 20 удзельнікаў так званага «экстрэмісцкага фармаваньня „Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай“». У сьпісе беларускія палітолягі, журналісты, аналітыкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку тыя, якія ня маюць і ня мелі ніякіх адносінаў да штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сярод іх Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст.
Рэакцыя прэзыдэнта Радыё Свабода
«Мы цьвёрда падтрымліваем Юрыя Дракахруста і ўсіх, хто лічыць, што беларусы заслугоўваюць свабодных і нецэнзураваных навінаў і інфармацыі. Гэты фіктыўны прысуд завочна падкрэсьлівае роспач рэжыму, які спрабуе ня даць сваім грамадзянам даведацца праўду пра Беларусь. Менск працягвае быць жахлівым прыкладам аўтарытарызму», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабода Стывэн Капус.
Абвінавачаным прызначылі наступныя пакараньні:
- Аляксандру Дабравольскаму — 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 тысяч рублёў);
- Ганьне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку — па 11 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам ад 1000 да 40 000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн рублёў);
- Рыгору Астапеню, Філіпу Біканаву, Юрыю Дракахрусту, Андрэю Казакевічу, Яўгену Крыжаноўскаму, Вераніцы Лапуцьцы, Алесю Лагвінцу, Ганьне Любаковай, Васілю Навумаву, Марыі Рогавай, Алесі Руднік, Натальлі Рабавай, Тацяне Чуліцкай, Кацярыне Шмацінай — па 10 гадоў пазбаўленьня волі.
- Паўлу Вусаву — 11 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум