Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі праходзіць царкоўны суд над сьвятаром Георгіем Роем, які перайшоў у юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату


Георгій Рой. Архіўнае фота
Георгій Рой. Архіўнае фота

У Горадні на 3 ліпеня анансавалі паседжаньне царкоўнага суду ў справе сьвятара Літоўскага экзархату Ўсясьветнага патрыярхату Георгія Роя — аб адлучэньні яго ад РПЦ.

Раней айцец Георгі Рой паведаміў, што перайшоў у юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату. Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату 10 красавіка 2023 году забараніла яму адпраўляць набажэнствы.

Напярэдадні Рой паведаміў у на сваёй старонцы ў Facebook, што ў Горадні 3 ліпеня адбудзецца паседжаньне царкоўнага суду ў справе аб адлучэньні яго ад РПЦ.

Георгі Рой таксама ўдакладніў, што празь некалькі дзён будзе паседжаньне агульнацаркоўнага суду Беларускага экзархату РПЦ і потым разгляд справы на маскоўскім Сынодзе.

Сьвятар у сваім допісе працытаваў ліст з эпархіяльнага суду Горадзенскай эпархіі, у якім яго выклікаюць у суд Горадзенскай дыяцэзіі. Сам жа ў адказ айцец напісаў наступнае:

«Паседжаньне эпархіяльнага суду Горадзенскай эпархіі адносна накладзеных на мяне кананічных забарон зьяўляецца кананічным нонсэнсам з той прычыны, што я ня ёсьць клірыкам Горадзенскай эпархіі РПЦ і ўвогуле не зьяўляюся клірыкам Маскоўскага патрыярхату. 06.04.2023 згодна з пададзеным мной прашэньнем на імя Яго Ўсясьвятасьці Ўсясьветнага патрыярха Варфаламея я быў прыняты ў склад кліру Усяленскага патрыярхату (...). На момант падачы мною прашэньня аб прыняцьці ў клір Усяленскага патрыярхату я не знаходзіўся пад кананічнымі пакараньнямі майго былога эпархільнага архіярэя і перайшоў у склад Канстантынопальскай царквы ў статусе незабароненага ў служэньні клірыка і не знаходзіўся пад якім-кольвек царкоўным судом».

Такім чынам, як гаворыцца ў лісьце Роя, эпархіяльны суд Горадзенскай эпархіі ня мае кананічных паўнамоцтваў судзіць клірыкаў іншых эпархій, а тым больш клірыкаў іншых патрыярхатаў. «Усе магчымыя судовыя працэдуры эпархіяльнага суду Горадзенскай эпархіі ў дачыненьні да мяне па самой сваёй сутнасьці ня могуць мець аніякага кананічнага значэньня і наступстваў», — дадаў сьвятар.

Рой таксама пракамэнтаваў матывы пераходу ў склад Усясьветнага патрыярхату. Ён адзначыў, што «катэгарычна ня згодны з пазыцыяй патрыярха Маскоўскага Кірыла, архіяпіскапа Горадзенскага Антонія, а таксама многіх сьвятароў РПЦ, якія апраўдваюць «злачынную вайну Расеі супраць Украіны і ўкраінскага народу». Паводле Роя, гэта відавочнае адступленьнем ад эвангельскай чысьціні і скажэньне праваслаўнай веры.

«Патрыярх Кірыл, адступаючы ад Божых запаветаў, паставіў Рускую царкву ва ўслужэньне сучаснай агрэсіўнай ідэалёгіі расейскай дзяржавы і яе нацыяналістычна-імпэрскім памкненьням.

Я катэгарычна ня згодны з пазыцыяй мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна і Сыноду Беларускай царквы, якія выказваюць поўную падтрымку дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі і закрываюць вочы на пакуты, зьдзекі і катаваньні тысяч і тысяч нявінных суграмадзян, імем Хрыстовым прыкрываючы лжу, гвалт і несправядлівасьць.

Я катэгарычна ня згодны з дэспатычнымі і крывадушным стылем кіраваньня Горадзенскай эпархіяй з боку яе цяперашняга архіярэя, архіяпіскапа Антонія (Дароніна), антыцаркоўны прыклад дзейнасьці якога ў значнай меры пераканаў мяне зьмяніць царкоўную юрысдыкцыю», — зазначыў у сваім лісьце айцец Георгі Рой.

Вядома, што ў Беларусі на айца Георгія Роя завялі крымінальную справу, ён знаходзіцца ў вышуку таксама ў Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG