У Берасьцейскім абласным судзе 2 ліпеня пачаўся працэс над жыхаркай гораду Ірынай Бандарэнка, якую, паводле «Берасьцейскай Вясны» вінавацяць у «садзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Куроўскі.
Паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі жанчыне пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Ірыне Бандарэнцы больш за 50 гадоў. Жанчына са сваёй ініцыятывы аказвала грашовую дапамогу зьняволеным берасьцейскага СІЗА, таксама перасылала ім харчовыя перадачы. У 2023 годзе Ірыну Бандарэнку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі, пазьней пачалі выклікаць на допыты ў Сьледчы камітэт.
«Ведала, што могуць пасадзіць, на допыты хадзіла з торбай рэчаў, але спадзявалася, што ўсё абыдзецца. Не атрымалася», — расказаў пра Ірыну Бандарэнку яе знаёмы зь Берасьця.
Паводле яго, пасьля выкліку на допыт 26 красавіка жанчына дамоў не вярнулася, сама трапіла ў сьледчы ізалятар. Падчас знаходжаньня ў Берасьцейскім СІЗА лісты ад яе не даходзілі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Ірыну Бандарэнку палітзьняволенай.
Форум