Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Брытанцы нас бачаць у крывым люстэрку». Чаму сарвалася публікацыя «Гары Потэра» па-беларуску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Брытанскі праваўладальнік выданьня кніг пра Гары Потэра адмовіўся працаваць зь незалежным беларускім выдавецтвам у выгнаньні. Прычына — заходнія санкцыі.

Выдавецтва «Янушкевіч» апублікавала па-беларуску тры кнігі Джоан Роўлінг: «Гары Потэр і філязофскі камень» (2019), «Гары Потэр і таемная заля» (у верасьні 2020-га) і «Гары Потэр і вязень Азкабана» (у кастрычніку 2021-га). З працягам нечакана ўзьнікла праблема.

Дыплём і «заклікі да зьвяржэньня ўлады»

За першую кнігу сэрыі ў Беларусі на пачатку 2020 года выдавец Андрэй Янушкевіч атрымаў дыплём «за найлепшыя продажы кніг пра Гары Потэра». Узнагароду выдала дзяржаўная сетка кнігарняў «Белкніга». Тады толькі за тры першыя гадзіны продажу разышлося 350 асобнікаў «Гары Потэра і філязофскага каменя». Кнігу ў мяккай вокладцы прадавалі пад слоганам «Варта перачытаць на роднай мове».

А вось з другой кнігай — «Гары Потэр і таемная заля» — адбылася іншая гісторыя. Дзеля лепшай паліграфічнай якасьці ўвесь наклад друкаваўся за мяжой. Цьвёрдая вокладка з імітацыяй шоўку і фальгаваньнем (калі літары сьвецяцца), швэдзкая папера «Lux Cream». Старт продажаў быў абвешчаны на 26 верасьня 2020 году, неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і масавай хвалі пратэстаў. Аднак беларуская мытня 15 верасьня запатрабавала ад выдаўца афіцыйны ліст пра тое, што «ў кнізе няма заклікаў да зьвяржэньня існай улады ў Рэспубліцы Беларусь».

Па сеціве пачалі гуляць фотакаляжы: Гары Потэр з нацыянальным сьцягам на фоне шыхтоў амапаўцаў; Рон Уізьлі з плякатам «Свабоду Крыладзюбу і палітзьняволеным»; Герміёна з надпісам «ДэМЕНТарам месца ў Азкабане»; Малфой у калёне дэманстрантаў зь лёзунгам «Усіх злачынцаў чакае круцыяту»; прафэсар Дамблдор са сьцягам «Атрад Дамблдора з народам!»; Сэвэрус на фоне калючага дроту «Саша, выпі зельля»; прафэсар Макгонагал і Сыбіла Трэлані з «Пагоняй» і лёзунгам «У Хогвартсе ненавідзяць Лукашэнку бясплатна».

Выдавецтва ў выніку падрыхтавала ліст, дзе абвергла прысутнасьць заклікаў да зьвяржэньня ўлады ў Беларусі ў кнізе пра «Гары Потэра». У мытні ад першапачатковых патрабаваньняў адмовіліся.

Вокладка другой кнігі сэрыі
Вокладка другой кнігі сэрыі

Рэпрэсаваны выдавец і санкцыі

У 2022 годзе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю заняўся справамі выдавецтва «Янушкевіч», якое пасьпяхова працавала ў Беларусі з 2014 году. У арганізацыі забралі аргтэхніку, заблякавалі банкаўскія рахункі. А кнігарня «Кнігаўка» была закрытая і разгромленая ў дзень адкрыцьця, 16 траўня 2022 году.

Сам Андрэй Янушкевіч адседзеў 28 дзён на Акрэсьціна, ягоная калега Наста Карнацкая — 23. Пасьля арышту яны пакінулі Беларусь, і на пачатку 2023 года выдавец зарэгістраваў аддзяленьне выдавецтва «Янушкевіч» у Польшчы, крыху пазьней адкрыў у Варшаве беларускую кнігарню «Кнігаўка» (па адрасе ulica Księdza Ignacego Kłopotowskiego 4).

У плянах выдавецтва «Янушкевіч» было выдаць усе 7 кніг пра Гары Потэра па-беларуску, але на гэта неабходна мець правы. Днямі брытанскі праваўладальнік «Гары Потэра» — агенцыя «The Blair Partnership» — адмовілася супрацоўнічаць з выдавецтвам «Янушкевіч». Прычынай, са словаў Янушкевіча, стала тое, што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу ды іншых заходніх краінаў. Такім чынам, правы на выданьне кніг пра Гары Потэра прыпынілі.

«Зараз я ня маю магчымасьці выдаваць „Гары Потэра“ далей. Правамі валодае адмысловая брытанская агенцыя „The Blair Partnership“. Я ня ведаю іхнай матывацыі, мы ўсё патлумачылі: што наша выдавецтва зарэгістраванае ў Польшчы, чаму так адбылося. Пакуль вынік адмоўны», — кажа выдавец Андрэй Янушкевіч.

На пытаньне Свабоды, ці зьбіраецца спадар Янушкевіч змагацца, тлумачыць і далей праваўладальнікам, што выдавецтва працуе не ў Беларусі, а ў Польшчы і менавіта для беларусаў, ён адказаў так:

«Не, я ня буду змагацца, бо тут ужо пастаўлена кропка. Мы не знайшлі ўзаемапаразуменьня з праваўладальнікамі. Яны ня хочуць зьвязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі. Мы свае ўплывы вычарпалі, мы ўсё патлумачылі, была інтэнсіўная перапіска, але брытанцы прынялі такое рашэньне», — кажа Андрэй Янушкевіч.

Андрэй Янушкевіч, архіўнае фота
Андрэй Янушкевіч, архіўнае фота

«Крывое люстэрка»

Выдавец мяркуе, што патрэбен розгалас ва ўплывовай замежнай прэсе, кшталту брытанскай мэдыякарпарацыі ВВС, якую дакладна чытае ўвесь ангельскі істэблішмэнт. Спадар Янушкевіч ня ўпэўнены, што пра гэту сытуацыю ведае сама пісьменьніца Джоан Роўлінг.

«Пакуль гэта навіна „ўнутранага разьліву“. Прабачце, але мне падаецца, што, акрамя саміх беларусаў, беларускія СМІ ніхто не чытае. З гэтым розгаласам не дагрукаесься да праваўладальнікаў.

Тут трэба задзейнічаць уплывовыя СМІ ці нейкіх публічных асобаў, каб сапраўды абазначылася важнасьць праблемы менавіта ў сыстэме каардынат брытанскіх праваўладальнікаў, а ня нашай. Тое, што для нас гэта важна, мы разумеем. Але ж гэта пытаньне оптыкі, празь якую нас бачаць брытанскія партнэры. На жаль, брытанскія партнэры нас бачаць у „крывым люстэрку“ і прымаюць рашэньні не на нашу карысьць», — мяркуе Андрэй Янушкевіч.

Пакуль у беларускага выдаўца ў найбліжэйшых плянах — другая кніга Толкіна з «Валадара пярсьцёнкаў» («Дзьве вежы»), а таксама Стывен Кінг.

Свабода зьвярнулася да агенцыі «The Blair Partnership» з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю больш падрабязна, там паабяцалі падрыхтаваць адказы на ўсе пытаньні. Мы апублікуем іх, як толькі атрымаем.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG