Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля першага туру парлямэнцкіх выбараў у Францыі лідэр — ультраправае «Нацыянальнае абʼяднаньне», паказваюць экзыт-полы


Прыхільнікі «Нацыянальнага аб’яднаньня» сьвяткуюць пасьля першага туру выбараў
Прыхільнікі «Нацыянальнага аб’яднаньня» сьвяткуюць пасьля першага туру выбараў

Сёньня ў Францыі адбыўся першы тур выбараў, якія могуць прывесьці да стварэньня першага ультраправага ўраду краіны пасьля нацысцкай акупацыі падчас Другой усясьветнай вайны. Канчатковы вынік выбараў застаецца няясным.

Паводле экзыт полаў, якія цытуе агенцтва Reuters, ультраправае «Нацыянальнае аб’яднаньне» мае пасьля першага туру каля 34% галасоў. Кааліцыя Новага народнага фронту, у якую ўваходзяць левацэнтрысты, зялёныя і радыкальныя левыя сілы, мае каля 29%, а цэнтрысцкі альянс прэзыдэнта Эманюэля Макрона — ад 20.5% да 23%

Другі тур выбараў, якія праходзяць па мажарытарнай сыстэме, адбудзецца 7 ліпеня, і вынік галасаваньня застаецца нявызначаным, адзначае Reuters. Шмат будзе залежаць ад палітычных раскладаў у канкрэтных акругах.

Ва ўмовах разгромнай перамогі ўльтраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт на пачатку чэрвеня Макрон прызначыў датэрміновае галасаваньне, бо баяўся, што інакш вынікі прывядуць да паралічу заканадаўчага органу.

Кіраўнік «Нацыянальнага аб’яднаньня» Жардан Бардэля заявіў, што калі б ён стаў прэм’ер-міністрам, ён быў бы супраць адпраўкі францускіх войскаў ва Ўкраіну — такой магчымасьці Макрон не выключаў. Бардэля таксама заявіў, што адмовіцца ад паставак Францыі ракет далёкага радыюсу дзеяньня і іншай зброі, здольнай паражаць цэлі ў самой Расеі.

У склад гэтага аб’яднаньня ўваходзіць Марын Лё Пэн, дачка вядомага радыкальна правага палітыка Жан-Мары Лё Пэна. Ультраправых Францыі даўно вінавацяць у сувязях з Крамлём і атрыманьні фінансаваньня ад Пуціна. Марын Лё Пэн даўно праводзіць прарасейскую рыторыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG