Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшла рэдактарка каналу «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная


Ірына Шчасная падчас суду, 2021
Ірына Шчасная падчас суду, 2021

Палітзьняволеная Ірына Шчасная адбыла за кратамі 3 гады і 7 месяцаў.

29 чэрвеня з гомельскай жаночай калёніі выйшла на волю палітзьняволеная Ірына Шчасная. Пра гэта Свабодзе стала вядома ад жанчыны, якая адбывала зь ёй пакараньне. Трэцяга ліпеня стала вядома, што яна пакінула Беларусь.

Каля вязьніцы 29 чэрвеня Ірыну сустракалі сваякі і сябры, якія перадалі ёй двайныя віншаваньні: дзень вызваленьня для жанчыны супаў з днём народзінаў, тады ёй споўнілася 37 гадоў. Зь іх 3 гады і 7 месяцаў Ірына Шчасная правяла за кратамі.

Да арышту ў лістападзе 2020 году Ірына Шчасная рэдагавала шэраг тэлеграм-каналаў, у тым ліку «Мая краіна Беларусь».

Актывістку асудзілі паводле часткі 1 артыкулу 13 і часткі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») на 4 гады зьняволеньня.

Судзілі Ірыну Шчасную ў Магілёўскім абласным судзе разам з актывістамі апазыцыі Паўлам Севярынцам, Зьмітром Казловым, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам, якія дагэтуль застаюцца за кратамі.

Паводле былой асуджанай, якая адбывала пакараньне разам з Ірынай Шчаснай, у зьняволеньні ў актывісткі пачаліся праблемы са здароўем. Жанчына пісала прашэньне аб памілаваньні, але станоўчага адказу не атрымала. Выйшла яна, цалкам адбыўшы прызначаны судзьдзёй Ірынай Ланчавай тэрмін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG