Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аўкцыёне спрабавалі прадаць нерухомасьць палітвязьня Стэфановіча, але не знайшлі пакупніка


Нерухомасьць палітвязьня Валянціна Стэфановіча, выстаўленая на таргі
Нерухомасьць палітвязьня Валянціна Стэфановіча, выстаўленая на таргі

На аўкцыёне «БелЮрЗабесьпячэньне» спрабавалі прадаць нерухомасьць палітвязьня Валянціна Стэфановіча.

Аднак ахвочых набыць яе не знайшлося, заўважыла «Люстэрка». На таргі выставілі арыштаваную 1/7 частку адміністрацыйнага памяшканьня ў Менску, якая належыць палітвязьню Валянціну Стэфановічу.

Першы раз яе спрабавалі прадаць у красавіку гэтага году за 33,3 тысячы рублёў. Але тады пакупнікоў не знайшлося.

На другім аўкцыёне, які прайшоў 25 чэрвеня, пачатковую цану зьнізілі да 26 640 рублёў. Аднак і гэтым разам не было ахвотных набыць забраную ўладамі ў палітвязьня маёмасьць.

Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што памяшканьне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасьці сябрам праваабарончай арганізацыі. Яно выкарыстоўвалася для правядзеньня бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выставаў.

Раней з малатка пусьцілі іншую маёмасьць праваабаронцы. Двойчы выстаўлялі на продаж ягоны Citroen C4 Picasso 2016 году выпуску. Летась у сьнежні пачатковая цана аўто складала 37 500 рублёў, але аўкцыён не адбыўся, бо не знайшлося ўдзельнікаў. У лютым 2024 году машыну прадавалі паўторна, пры гэтым стартавую цану на яе зьнізілі да 30 тысяч рублёў. У таргах бралі ўдзел сем чалавек, у выніку мінівэн прадалі за 42 тысячы рублёў.

  • Валянцін Стэфановіч — сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
  • Затрымалі яго 14 ліпеня 2021 году. Прад’явілі абвінавачаньні па арт. 228 КК Беларусі («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
  • Суд прысудзіў Стэфановічу дзевяць гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пазьней МУС дадало Валянціна ў «сьпіс экстрэмістаў».
  • Са сьнежня мінулага году яго на паўгода перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу «за парушэньні».
  • 23 жніўня 2023 году стала вядома, што МУС прызнала праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • У ліпені 2023 году беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» стаў ляўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека.
  • У 2022 годзе старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG