Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні пакет законаў з абмежаваньнямі супраць ЛГБТ+


Акцыя пратэсту каля парлямэнту Грузіі, архіўнае фота.
Акцыя пратэсту каля парлямэнту Грузіі, архіўнае фота.

Парлямэнт Грузіі ў чацьвер ухваліў у першым чытаньні пакет з 19 законапраектаў, якія абмяжоўваюць правы супольнасьці ЛГБТ+ у краіне і дэкляруюць абарону «сямейных каштоўнасьцяў».

За яго галасавала кіруючая партыя. Большасьць прадстаўнікоў апазыцыі байкатавалі пасяджэньне.

У законапраектах прапануецца ўвесьці забарону на ўсынаўленьне і апеку над непаўналетнімі для аднаполых пар, на правядзеньне сходаў, накіраваных на «папулярызацыю» аднаполых шлюбаў, зьмену полу, усынаўленьне дзяцей аднаполымі парамі — пад такое вызначэньне могуць падпасьці, напрыклад, гей-парады.

Прапануецца забараніць распаўсюджваньне ў творах, праграмах і іншых матэрыялах кантэнту аб аднаполых шлюбах, усынаўленьні дзяцей аднаполымі парамі і апэрацыях па зьмене полу. Такія апэрацыі прапануецца забараніць, перадае «Эхо Кавказа».

Дэпутаты таксама прапанавалі ўстанавіць 17 траўня новае дзяржаўнае сьвята — «Дзень сьвятасьці сям’і». У гэты дзень у многіх краінах сьвету адзначаецца Дзень барацьбы супраць гамафобіі і трансфобіі, і праводзяцца мерапрыемствы ў падтрымку супольнасьці ЛГБТ+.

Грузія — кандыдат на сяброўства ў ЭЗ. Прыняты ў першым чытаньні законапраект быў рэзка скрытыкаваны ў Эўразьвязе. Вэнэцыянская камісія, кансультацыйны орган пры Радзе Эўропы, выказала шкадаваньне, што заканадаўчая ініцыятыва была ўключана ў парадак дня на фоне працяглых масавых пратэстаў, палітычнай і грамадзкай напружанасьці ў Грузіі.

Кіруючая партыя «Грузінская мара» плянуе зацьвердзіць законапраекты падчас восеньскай сэсіі парлямэнту, незадоўга да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. У чацьвер дэпутаты пераадолелі вэта прэзыдэнта на спрэчныя папраўкі ў Выбарчы кодэкс, адна зь якіх зьмяншае кворум пры прыняцьці рашэньняў у Цэнтравыбаркаме, зазначае «Эхо Кавказа».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG