Арганізацыя былых сілавікоў BelPol апублікавала расьсьледаваньне пра холдынг «Амкадор», у структуры якога ёсьць прадпрыемства «Завод СВТ».
Паводле інфармацыі расьсьледнікаў, прадпрыемства займаецца распрацоўкай артылерыйскага радыёлякацыйнага комплексу (АРК) разьведкі і абслугоўваньня стральбы «Вартавы» і ўдарнага бесьпілётнага квадракоптара «Сьвіслач».
Для ўладальніка холдынгу бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна гэта свайго роду «прагін перад Лукашэнкам, які зможа казыраць гэтымі распрацоўкамі перад Пуціным», заявіў у камэнтары «Позірку» прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар.
Паводле інфармацыі BelPol у адным з лістоў, адрасаваных Аляксандру Лукашэнку, Шакуцін паведаміў, што «Амкадор» у тым ліку займаецца «падтрыманьнем абараназдольнасьці краіны».
«Калі мы ўбачылі гэтую інфармацыю, вельмі зьдзівіліся, пачалі шукаць, і праз некаторы час у нашым распараджэньні аказаўся ліст, у якім Шакуцін просіць Лукашэнку, дазволіць УП „Завод СВТ“ правесьці праз рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства „Белтэлекам“ закупкі неабходнага для „Завод СВТ“ абсталяваньня, абыходзячы тэндэр», — сказаў Жыгар.
Таксама расьсьледнікам удалося даведацца, што частка распрацоўкі, зьвязаная з вытворчасьцю БПЛА «Сьвіслач», «ажыцьцяўляецца па ініцыятыве «Амкадора», а АРК распрацоўваецца паводле ўказаньня Мінабароны Беларусі сумесна з Упраўленьнем ракетных войскаў і артылерыі Генштабу».
На думку прадстаўніка BelPol, «Шакуцін выдатна разумее, якія для яго адкрываюцца пэрспэктывы ў Расеі». «Амкадор» бачыць прыклад іранскіх БПЛА «Шахед», бо падобныя распрацоўкі зараз вельмі запатрабаваныя для вайны ва Украіне, лічаць у арганізацыі.
«Гэта ня толькі продажы ў РФ, але і наступнае сэрвіснае абслугоўваньне, што дастаткова пэрспэктыўна, калі ўхапіць кавалак гэтага крывавага пірага, бо РФ плаціць жывымі грашыма, гэта тое, што вельмі неабходна цяпер „Амкадору“ для існаваньня», — адзначыў Жыгар.
ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.
Асноўны ўладальнік — набліжаны да Лукашэнкі Аляксандр Шакуцін, ён жа ўзначальвае савет дырэктараў. Па стане на 2022 год, у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзіла 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў.