Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адправіла на вайну ва Ўкраіну 10 тысяч мігрантаў. У Сьледчым камітэце патлумачылі мэты


Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін, архіўнае фота
Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін, архіўнае фота

Аляксандар Бастрыкін, які ачольвае Сьледчы камітэт з 2011 году, неаднаразова выступаў супраць мігрантаў і ў падтрымку больш жорсткага міграцыйнага заканадаўства.

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін заявіў, што рашэньне аб адпраўцы мігрантаў на вайну ва Ўкраіну зьвязана з жаданьнем зьменшыць іх колькасьць у Расеі.

«Мы знайшлі, ведаеце, такую фішку, якая прывяла да таго, што мігранты пачалі паціху выяжджаць з Расеі. Мы сталі рэалізоўваць палажэньні Канстытуцыі і нашых законаў аб тым, што асобы, якія атрымалі грамадзянства, павінны стаць на вайсковы ўлік і ў выпадку неабходнасьці прыняць удзел у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», — заявіў Бастрыкін на Пецярбурскім міжнародным юрыдычным форуме, паведаміла агенцтва РБК.

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі адзначыў, што пастаноўкай на ўлік такіх грамадзян займаюцца сьледчыя ягонага ведамства (паводле расейскага заканадаўства, Сьледчы камітэт ня мае такіх паўнамоцтваў. — РС).

«Больш за 30 тысяч ужо адлавілі такіх, хто атрымаў грамадзянства, але не хацеў стаць на вайсковы ўлік, і паставілі на ўлік», — дадаў Аляксандар Бастрыкін.

Паводле яго, такім чынам у расейскую армію ўжо трапілі каля 10 тысяч мігрантаў.

Ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», створаным для расейскіх вайскоўцаў, якія ня хочуць ваяваць, 27 чэрвеня абнародавалі гісторыю грамадзяніна Кіргізстану Алішэра Турсунава, які прыехаў у госьці да сына ў Разань, а калі пайшоў у краму па кефір, яго затрымалі паліцыянты.

Спачатку 57-гадовага Турсунава адвезьлі ў ізалятар, дзе яго моцна пабілі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. Празь некалькі дзён пасьля гэтага ён апынуўся на перадавой у Луганскай вобласьці.

У першым жа баі з 17 такіх жа адпраўленых на фронт ва Ўкраіну ў жывых засталіся толькі двое. Алішэру Турсунаву пашанцавала, што яго прымусілі капаць акопы. Пасьля аднаго з абстрэлаў ён скарыстаўся магчымасьцю і ўцёк, а калі прыйшоў на ўкраінскія пазыцыі, то здаўся ў палон.

  • Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе ў краінах Цэнтральнай Азіі рэгулярна паведамляюць аб адпраўцы на вайну мігрантаў, якія прыбылі ў Расею ў пошуках працы. Урады гэтых краін нагадвалі грамадзянам, што могуць расцэньваць удзел у вайне як найміцтва.
  • Аляксандар Бастрыкін, які ачольвае Сьледчы камітэт з 2011 году, неаднаразова выступаў супраць мігрантаў і ў падтрымку больш жорсткага міграцыйнага заканадаўства. Апошнія такія ініцыятывы ён агучыў на тле кампаніі расейскіх уладаў супраць мігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі пасьля нападу на падмаскоўную залю «Крокус Сіці Хол», у якім абвінавацілі некалькіх выхадцаў з Таджыкістану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG