ААТ «Менскі аўтазавод» (МАЗ) і ААТ «БелАЗ — кіроўная кампанія БелАЗ холдынг» (БЕЛАЗ) паўторна вырашылі апратэставаць уведзеныя ў чэрвені 2021 году санкцыі Эўразьвязу. Заявы зарэгістраваў суд ЭЗ у траўні гэтага году. 24 чэрвеня іх апублікаваў афіцыйны часопіс Эўразьвязу, заўважыла «Люстэрка».
Беларускія вытворцы сьцьвярджаюць, што суд ЭЗ павінен скасаваць рашэньне Рады ЭЗ ад 26 лютага 2024 году, калі санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі чарговы раз працягнулі на год.
МАЗ і БелАЗ знаходзяцца пад санкцыямі ЭЗ з 21 чэрвеня 2021 году. Супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі эўрапейскім кампаніям забаранілі, актывы беларускіх прадпрыемстваў замарозілі.
На пачатку верасьня 2021 году абедзьве кампаніі ўжо накіроўвалі пазовы ў суд Эўразьвязу з патрабаваньнем выключыць іх з «чорнага сьпісу». У кастрычніку 2023 году суд ЭЗ прыняў рашэньне пакінуць санкцыі ў сіле.
Такім чынам, на гэты момант амаль усе спробы беларускіх бізнэсоўцаў, чыноўнікаў і прадпрыемстваў апратэставаць санкцыі ў Эўрапейскім судзе скончыліся беспасьпяхова.
Адзіным выключэньнем стала «Белшына». Прадпрыемства ўключылі ў сьпіс на падставе таго, што яно «зьяўляецца адной зь вядучых дзяржаўных кампаній у Беларусі» і «істотнай крыніцай даходаў рэжыму Лукашэнкі». На думку суду, Рада ЭЗ ня здолела даказаць, што «Белшына» ўяўляе сабой «істотную крыніцу даходаў рэжыму Лукашэнкі», і што дзяржава наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства.
У сваю чаргу, «Белшына» прадаставіла фінансавыя дакумэнты, якія даводзяць, што перад уключэньнем у санкцыйны сьпіс яна была стратным прадпрыемствам, якое не прыносіла прыбытку. У выніку Суд Эўразьвязу пастанавіў зьняць санкцыі з прадпрыемства і абавязаў Раду ЭЗ сплаціць судовыя выдаткі.
Як указана ў абгрунтаваньні раней уведзеных санкцый, МАЗ і БЕЛАЗ — адны з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, яны зьяўляюцца крыніцай значных даходаў для рэжыму. Абодва заводы давалі свае памяшканьні і абсталяваньне для правядзеньня палітычнага мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі. Сам Лукашэнка называў МАЗ «адным з найважнейшых прамысловых прадпрыемстваў краіны», БЕЛАЗ — «беларускім брэндам» і «часткай нацыянальнай спадчыны», абяцаючы, што ўрад будзе заўсёды падтрымліваць завод.
Такім чынам, на думку чыноўнікаў ЭЗ, прадпрыемствы БЕЛАЗ і МАЗ атрымліваюць выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваюць яго. Пра гэта гаворыцца і ў матэрыялах адпаведных спраў.
Таксама там гаворыцца, што падчас страйкаў і мірных пратэстаў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году супрацоўнікаў абодвух прадпрыемстваў замыкалі ў службовых памяшканьнях, каб яны не далучыліся да іншых пратэстоўцаў. На БелАЗе кіраўніцтва выставіла ў СМІ забастоўку проста «сходам пэрсаналу». Работнікаў запалохвалі, пагражалі звальненьнямі, і як мінімум на МАЗе гэтыя звальненьні пасьля былі праведзеныя.
Таму МАЗ і БелАЗ «нясуць адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі».
Форум