Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удар па пляжы ў Севастопалі. Што вядома на гэты момант


Пляж у Севастопалі, дзе загінулі адпачывальнікі. 24 чэрвеня 2024 году. Фота TASS
Пляж у Севастопалі, дзе загінулі адпачывальнікі. 24 чэрвеня 2024 году. Фота TASS

У Маскве абвінавацілі ЗША ў датычнасьці да ракетнай атакі на Севастопаль.

Што здарылася

Удзень 23 чэрвеня ў Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па Крыме ракетамі ATACMS.

Прызначаны Расеяй губэрнатар Севастопаля Міхаіл Развазжаеў заявіў, што некалькі чалавек загінулі і сотні параненыя.

У канцы дня, паводле расейскіх уладаў, стала вядома, што загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 2 дзяцей, і 151 асоба зьвярнулася па мэдычную дапамогу.

Перад гэтым у мясцовых Telegram-каналах паведамлялі пра выбухі ў раёне Севастопаля, Еўпаторыі і Сак, «падобных да выбухаў і працы расейскага СПА».

Расейскія ўлады Севастопаля абвясьцілі 24 чэрвеня днём жалобы. У горадзе ўвялі надзвычайную сытуацыю і скасавалі ўсе забаўляльныя мерапрыемствы.

Рэакцыя ў Маскве

У Міністэрстве замежных спраў Расеі 24 чэрвеня паведамілі аб выкліку кіраўніцы дыпляматычнай місіі ЗША Лін Трэйсі ў сувязі зь нібыта ракетнай атакай Украіны па анэксаваным Расеяй Севастопалі.

У часе зробленага дэмаршу кіраўніцы амэрыканскай амбасады заявілі, што ЗША нібыта «вядуць супраць Расеі гібрыдную вайну і фактычна сталі бокам канфлікту пасьля перадачы Ўзброеным сілам Украіны сучасных узбраеньняў, у тым ліку тых, якія выкарысталі супраць жыхароў Севастопаля».

Расейскі бок сьцьвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па пляжы амэрыканскімі ракетамі ATACMS з касэтнымі баявымі часткамі, якія «наводзілі амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты». Таму, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Расеі, ЗША «нясуць роўную з кіеўскім рэжымам адказнасьць за гэтае злачынства».

Паводле МЗС Расеі, такія дзеяньні Вашынгтону заахвочваюць улады Ўкраіны «працягваць баявыя дзеяньні да «апошняга ўкраінца», бо выдалі дазвол на ўдары ўглыб расейскай тэрыторыі.

У Маскве заявілі, што такія дзеяньні не застануцца беспакаранымі. «Захады ў адказ абавязкова будуць», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Расеі.

Што кажуць украінскія і замежныя экспэрты

Ва Ўкраіне ніводная афіцыйная структура не пацьвердзіла і не зьняпраўдзіла нанясеньне ракетнага ўдару па Севастопалі.

Вайсковы экспэрт Аляксандар Каваленка па выніках вывучэньня апублікаваных здымкаў з рэшткамі ракет, якія ўпалі на пляж у Севастопалі, заявіў, што яны больш падобныя да аскепкаў «зэнітнай кіраванай ракеты 9М330 ЗРК Тор-М2».

«Выкарыстоўваць ЗРК Тор-М2 для перахопу балістычнай ракеты — бязглузда і бессэнсоўна. У сваю чаргу, калі ракета не выконвае задачу, спрацоўвае сыстэма яе самазьнішчэньня. Ня выключана, што ракета, якая не перахапіла паветраны аб’ект, самазьнішчылася проста над галовамі адпачывальнікаў на Ўчкуеўцы», — напісаў ён.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што самастойна ня могуць спраўдзіць, ці выкарыстоўвалі ўкраінскія сілы ракеты ATACMS з касэтнымі боепрыпасамі.

«Абвінавачаньне Міністэрствам абароны Расеі ЗША ў гібелі цывільных грамадзян зьяўляецца спробай утрымаць Злучаныя Штаты ад далейшай дапамогі Ўкраіне ў галіне бясьпекі», — адзначаецца ў справаздачы за 23 чэрвеня.

Празь незалежныя крыніцы праверыць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва бакі ваеннага канфлікту, немагчыма.

Пачынаючы ад жніўня 2022 году, у Крыме і Севастопалі амаль кожны дзень чуваць гукі выбухаў. Расейскія ўлады тлумачаць гэта стральбой па «ўкраінскіх бесьпілётніках», «працай СПА» ці вучэньнямі вайскоўцаў Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG