Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «з задавальненьнем наведае» Армэнію, калі для візыту будзе гатоўнасьць армянскага кіраўніцтва, і выказала надзею на ўмацаваньне адносін з гэтай краінай, інфармуе reform. news.
Заявы Ціханоўская зрабіла ў інтэрвію армянскаму журналісту і палітолягу Рубэну Мэграб’яну ў этэры «Першага армянскага інфармацыйнага» тэлеканалу.
«Сёньня эксклюзіўны госьць Першага інфармацыйнага — дэ-факта народнаабраны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Сьвятлана Ціханоўская, якая знаходзіцца цяпер на эміграцыі. Вітаю вас, „спадарыня прэзыдэнт“, і лічу за вялікі гонар вашу згоду прыняць маю прапанову», — заявіў ён, прадстаўляючы госьцю этэру.
Меграб’ян задаў пытаньне аб плянах і досьведзе працы кантактаў з грамадзянскімі супольнасьцямі постсавецкіх краін, у тым ліку Армэніі.
Ціханоўская назвала працу з краінамі былога СССР важным прыярытэтам.
«Мы ў добрым кантакце з Малдовай, і я думаю, што кантакты з Армэніяй узмоцняць сяброўства паміж нашымі народамі. [...] Я думаю, што тут мы і на палітычным узроўні, і на ўзроўні няўрадавых арганізацый можам дапамагаць адзін аднаму на шляху эўраінтэграцыі. Бо як армяне, так і беларусы заслугоўваюць лепшай будучыні для сваіх краін. Вельмі важна, што кіраўніцтва Армэніі сустракаецца з намі, размаўляе з намі. Я некалькі разоў размаўляла з прэм’ерам Пашыньянам і міністрам Мірзаянам, і сьпікерам Сіманьянам. Я спадзяюся, што нашы адносіны будуць умацоўвацца, а з Лукашэнкам яны ня будуць мець ніякіх зносінаў. Яшчэ скажу, што я вельмі спадзяюся на супрацоўніцтва з парлямэнтам Армэніі, спадзяюся, што ў армянскім парлямэнце зьявіцца група супрацоўніцтва са свабоднай Беларусьсю. Я запрашаю ўсіх дэпутатаў далучыцца», — сказала палітык.
«І, вядома, наконт грамадзянскай супольнасьці, мы павінны разьвіваць нашы адносіны паміж беларускай і армянскай грамадзянскай супольнасьцю. Шмат беларусаў выехала ў Армэнію, бо гэта бязьвізавая краіна, і ў выпадку небясьпекі людзі бязь візы зьяжджаюць туды. Я спадзяюся, што Армэнія дазволіць бясьпечна заставацца ім на сваёй тэрыторыі», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Лідэрка дэмакратычных сіл адзначыла, што «з задавальненьнем наведае» Армэнію, калі будзе гатоўнасьць армянскага кіраўніцтва.
«Я падтрымліваю армянскі народ у яго імкненьні, у вашым імкненьні да эўрапейскай будучыні і свабоды. І я думаю, што як сустрэчы, так і, магчыма, візыты толькі ўмацуюць нашы адносіны», — сказала яна.
Інтэрвію Ціханоўскай адбылося на фоне напружаных адносін паміж Ерэванам і афіцыйным Менскам.
12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ.
На той жа сустрэчы Пашыньян адзначыў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.
Гэтыя выказваньні Нікола Пашыньяна выклікалі дыпляматычны крызіс між Беларусьсю і Армэніяй — абодва бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый.
14 чэрвеня афіцыйны Ерэван выказаў Беларусі пратэст праз «умяшаньне ва ўнутраныя справы» Армэніі.
Форум