Міністэрства замежных спраў Армэніі накіравала беларускаму боку ноту пратэсту ў сувязі з камэнтаром прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза ад 13 чэрвеня, які расцанілі як «умяшаньне ва ўнутраныя справы Армэніі».
«Пажаданьне мець кіраўнікоў, якія б думалі пра будучыню сваёй краіны, можа паходзіць ад таго, хто сам гэтым валодае. У выпадку зь Беларусьсю на дадзены момант гэта сапраўды раскоша», — заявіла прэсавая сакратарка МЗС Армэніі Ані Бадалян.
12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ. Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў выхаду ён не назваў. «Мы самі вырашым, калі выйдзем», — дадаў ён.
Пазьней міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі.
«Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.
На той жа сустрэчы Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджана. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.
У выніку бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый. Пазьней прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, камэнтуючы сытуацыю, заявіў, што Беларусь «ніколі не рабіла нічога на шкоду нашым сябрам»
«Ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы, паважаем армянскі народ і шчыра зычым яму кіраўнікоў, якія будуць сапраўды думаць пра будучыню краіны і дабрабыт людзей», — заявіў Анатоль Глаз.
Форум