Працэс прызначаны весьці судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.
Вользе Вялічцы інкрымінаваныя:
- ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці»);
- арт. 193-1 КК («Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці»);
- ч. 3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні пэрсанальных зьвестак»);
- ч. 3 арт. 210 КК («Намер на завалоданьне маёмасьцю ў буйным памеры службовай асобай»);
- ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»);
- ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
- ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»).
Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры» і за ўдзел у акцыі пратэсту.
Вялічка даведалася пра суд ад журналістаў
Вольга Вялічка пракамэнтавала Свабодзе прызначэньне суду ў сваёй справе:
«Што мне сказаць? Людзі там жывуць пошукам ворагаў, а я жыву сваім жыцьцём і наагул не цікаўлюся гэтым працэсам. Вось ад вас даведалася пра пачатак суду», — заявіла Вольга Вялічка.
Хто такая Вольга Вялічка
Вольга Вялічка апошнія 13 гадоў жыцьця прысьвяціла працы ў дзіцячым госьпісе ў Горадні. У 2007 годзе яна стварыла грамадзкую арганізацыю і кіравала госьпісам.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Вольга была незалежнай назіральніцай ад штабу Віктара Бабарыкі. З гэтага пачаліся праблемы — ператрусы і праверкі ў арганізацыі. Вольгу затрымлівалі, пакідалі на «суткі» ў ізалятары, штрафавалі за ўдзел у мітынгу. Калі зьявілася пагроза, што забяруць дзяцей, яна зь сям’ёй пераехала ў Вільню.
Раней у Беларусі на Вялічку завялі ўжо дзьве крымінальныя справы (за нясплату падаткаў і ўдзел у пратэстах) і ўключылі яе ў сьпісы Інтэрполу. У госьпіса забралі памяшканьне, а саму арганізацыю зьліквідавалі разам з сотняй іншых НДА.
У абарону Вольгі Вялічкі і дзіцячага госьпісу ў лістападзе 2020 году выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Быў апублікаваны заклік спыніць перасьлед Вольгі з палітычных прычынаў, аднак выніку ён не прынёс.
Раней Вольга Вялічка ў інтэрвію казала, што пасьля эміграцыі распачала працу ў прыватнай беларускай школе ў Вільні, паралельна спрабавала знайсьці грошы, каб госьпіс у Горадні мог працягваць дзейнасьць.
Горадзенскі дзіцячы госьпіс улады зьліквідавалі 20 жніўня 2023 году.
Форум