Падставай для пратэсту стаў прысуд вясноўцу, былому палітвязьню Леаніду Судаленку, якога 17 чэрвеня Цэнтральны суд Гомлі завочна асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня.
Юрысты «Вясны» пералічваюць, якія міжнародна прызнаныя прававыя нормы былі парушаныя пры разглядзе справы калегі, і робяць выснову, што практыка завочных працэсаў, якія ўсё часьцей ужываюцца ў Беларусі, парушае міжнародныя абавязаньні краіны ў галіне правоў чалавека.
Спасылаючыся на 14-ы артыкул Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, праваабаронцы «Вясны» нагадалі пра тыя гарантыі, на якія разьлічвае грамадзянін Беларусі пры разглядзе ў судзе выстаўленага яму крымінальнага абвінавачаньня:
- быць у тэрміновым парадку і падрабязна апавешчаным аб характары і падставе абвінавачаньня;
- мець магчымасьці для падрыхтоўкі сваёй абароны;
- мець выбранага ім самім або прызначанага яму абаронцу;
- мець зносіны з выбраным ім самім абаронцам;
- мець права на справядлівы і публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароньнім судом, створаным на падставе закону;
- мець права на тое, каб яго асуджэньне і прысуд былі перагледжаныя вышэйшай судовай інстанцыяй.
Праваабаронцы «Вясны» мяркуюць, што заканадаўства Беларусі не гарантуе рэалізацыі гэтых правоў пры спэцыяльным вядзеньні, гэта значыць падчас сьледзтва супраць асобаў, якія знаходзяцца за мяжой і падчас завочных судоў над такімі асобамі. У якасьці прыкладаў заяўнікі спасылаюцца на справы спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні Алены Масьлюковай, Ігара Казьмерчака ды іншых праваабаронцаў.
«У прыватнасьці, да гэтага часу ў абвінавачаных няма дакладных зьвестак аб зьмесьце выстаўленых абвінавачаньняў, фармальна прызначаныя органамі сьледзтва абаронцы ім невядомыя або адмаўляюцца кантактаваць для кансультацый і абмеркаваньня прававой пазыцыі. Абвінавачаныя пасьля абвяшчэньня прысуду ня маюць працэсуальнай магчымасьці атрымаць пастанову і азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня. Гэта перашкаджае складаньню і падачы абгрунтаванай скаргі аб пераглядзе прысуду», — указваюць праваабаронцы «Вясны» і патрабуюць скасаваць прысуд Леаніду Судаленку і спыніць супраць яго ды іншых праваабаронцаў крымінальны перасьлед.
Таксама «Вясна» патрабуе прывесьці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства Беларусі ў адпаведнасьць з міжнароднымі абавязаньнямі краіны ў галіне правоў чалавека:
«Заганнасьць такой практыкі пагаршаецца поўным адмаўленьнем уладамі Беларусі працэсуальных гарантый і асноўных прынцыпаў справядлівага правасудзьдзя пры ажыцьцяўленьні перасьледу ў парадку спэцыяльнага вядзеньня. Гэта надае асуджэньню рысы расправы, якая зьдзяйсьняецца ад імя дзяржавы.
Такая ганебная практыка залучае ў самавольства, якое зьдзяйсьняецца дзяржавай і яе інстытутамі, беларускіх адвакатаў, якія пад пагрозай адвольнага адхіленьня ад прафэсіі, крымінальнага перасьледу за разгалошваньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня становяцца фактычна саўдзельнікамі беззаконьня».
Форум