Праграму візыту Расэл Дламіні абмеркаваў яшчэ 17 чэрвеня з Ігарам Белым, беларускім паслом у ПАР і па сумяшчальніцтве ў Батсване, Мазамбіку і Намібіі. Адначасова пасольства займаецца і справамі Эсватыні (да 2018 году — Свазылэнду).
МЗС Беларусі паведаміў, што на сустрэчы размова таксама ішла аб рэалізацыі «красавіцкіх дамоўленасьцяў кіраўніка беларускай дыпляматычнай місіі з каралём Эсватыні Мсваці III».
«У гэты ж дзень адбылася сустрэча кіраўніка дыпляматычнай місіі зь міністрам аховы здароўя Эсватыні Мдудузі Мацэбулам. Абмеркаваныя пэрспэктыўныя кірункі разьвіцьця беларуска-эсвацінскіх стасункаў у галіне аховы здароўя з акцэнтам на мэдычныя паслугі, фармацэўтыку і падрыхтоўку спэцыялістаў у сфэры аховы здароўя».
15 красавіка ў Яганэсбургу (ПАР) Белы і Мсваці III абмеркавалі магчымасьць устанаўленьня дыпляматычных стасункаў паміж Беларусьсю і Эсватыні. Сумеснае камюніке пра іх усталяваньне падпісалі 4 чэрвеня ў Прэторыі (ПАР).
МЗС адзначыў, што на асобных кірунках двухбаковага супрацоўніцтва ўжо «вядзецца праца», «маецца ўзаемная зацікаўленасьць» у фармаваньні дамоўна-прававой базы двухбаковых дачыненьняў.
Каралеўства Эсватыні — дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы, якая займае 17,4 тыс. кв. км (менш за палову Менскай вобласьці), дзе пражывае 1,2 млн чалавек. Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў 2023 годзе быў амаль удвая меншы, чым у Беларусі — 3995 даляраў супраць 7427.
Эсватыні мае сумную славу як краіна, у якой велізарная колькасьць насельніцтва мае ВІЧ-інфэкцыю. Па стане на 2022 год хворымі былі 220 тысяч чалавек з насельніцтва 1,2 млн. У 2020 годзе хворых было меней, пры гэтым у сусьветным рэйтынгу распаўсюду ВІЧ/СНІД каралеўства Эсватыні займала 1-е месца зь вялікім адрывам — 26,80% насельніцтва краіны мела ў сабе вірус. Для параўнаньня, Беларусь займала ў гэтым рэйтынгу 62-е месца з паказьнікам 0,50%.
Форум