У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны паведамілі пра чарговае кароткае замыканьне на высакавольтнай паветранай лініі, якая праходзіць праз тэрыторыю Беларусі. Без электрычнасьці нейкі час заставалася частка Кіеўскай вобласьці.
«Цягам дня яе ўключылі ў работу. [...] Пасьля 24 лютага 2022 году ўкраінскія энэргетыкі ня маюць доступу да абслугоўваньня гэтай лініі», — сказана ў паведамленьні.
У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны адзначылі, што праз дэфіцыт уласных магутнасьцяў краіна вымушаная імпартаваць электраэнэргію — у содні прагназуецца 28 000 МВт-гадзін.
Ва ўсіх рэгіёнах Украіны дзейнічаюць графікі пагадзіннага адключэньня электраэнэргіі.
Пасьля начной атакі расейцаў 19 чэрвеня пашкоджаньні атрымаў яшчэ адзін энэргетычны аб’ект у цэнтральным рэгіёне, а ў Львоўскай вобласьці — паветраныя лініі электраперадач і абсталяваньне.
11 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы ў Нямеччыне на міжнароднай канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны, заявіў, што Расея ў выніку ракетных абстрэлаў зьнішчыла траціну ўсёй энэргетычнай генэрацыі ва Ўкраіне.
«Адна з асноўных пуцінскіх мішэняў — гэта энэргетыка. [...] У выніку ўдараў расейскіх ракет і дронаў зьнішчана ўжо 9 гігават магутнасьцяў. Пры гэтым пік спажываньня энэргіі гэтай зімой быў 18 гігават. [...] Мы ўжо страцілі 80% цеплавой генэрацыі, траціну — гідрагенэрацыі», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго, своечасова аднавіць страчаныя магутнасьці без замежнай дапамогі Ўкраіна ня зможа.
«Мы мусім зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб захаваць наяўную генэрацыю і максымальна аднавіць страчаную. [...] Бяз вашага крэдытаваньня і інвэстыцый мы ня зможам гэта рэалізаваць», — падкрэсьліў ён.
Уладзімір Зяленскі дадаў, што расейскія войскі абстрэльваюць усе аб’екты, якія зьвязваюць энэргетычныя прадпрыемствы з эўрапейскай сыстэмай. У тым ліку і з гэтай прычыны, паводле яго, вельмі важна аднавіць як найбольш энэргетычных аб’ектаў да зімы.
Форум