Генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін заявіў, што сьледчыя высьветлілі імёны расейскіх камандзіраў, адказных за жорсткае забойства ўкраінскага вайскоўца ў Данецкай вобласьці, а таксама імя загінулага ўкраінца.
«Наконт расьсьледаваньня жорсткага забойства абаронцы Ўкраіны на Данеччыны, пра якое стала вядома ўчора. Высьветлілі асобу загінулага. Пакуль што ня можам назваць ягонага імя, бо працягваюцца працэдуры для канчатковага пацьвярджэньня ягоных зьвестак», — напісаў Андрэй Косьцін на сваёй старонцы на плятформе Х.
Паводле яго, таксама ідэнтыфікавалі расейскіх камандзіраў, «патэнцыйна адказных за абезгалоўленьне ўкраінскага абаронцы». Інфармацыю цяпер правяраюць і ўдакладняюць
«Гэты факт зьяўляецца яшчэ адным пацьвярджэньнем, што поўная непавага да міжнароднага права і агульначалавечай маралі — гэта дзяржаўная палітыка краіны-тэрарысткі Расеі. Кожны сусьветны лідэр, які цісьне руку Пуціну, павінен усьведамляць, што паціскае руку асобе, якая талеруе барбарскія забойствы», — падкрэсьліў генэральны пракурор Украіны.
18 чэрвеня Андрэй Косьцін паведаміў, што ў Данецкай вобласьці на адной з баявых пазыцый расейскія вайскоўцы абезгаловілі ўкраінскага салдата.
У якасьці доказу генэральны пракурор Украіны апублікаваў здымак вайсковай машыны, на якой ляжыць, імаверна, адрэзаная галава. Але гэтую частку здымка заблюрылі.
Ва ўмовах вайны немагчыма спраўдзіць у незалежных крыніцах інфармацыю і заявы абодвух бакоў ваеннага канфлікту.
Форум