Дата дня
19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік. Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.
У час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі пісьменьніка цкавалі, і на пачатку 1998 году ён зьехаў за мяжу. Вярнуўся ў Беларусь незадоўга да сьмерці, перанёсшы ў Чэхіі цяжкую апэрацыю. Памёр 22 чэрвеня 2003 году.
Таксама ў гэты дзень
1655 — падчас Трынаццацігадовай вайны маскоўскае войска спаліла Барысаўскі замак.
1669 — каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем літоўскім абралі Міхала Вішнявецкага.
1831 — падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў пад Вільняй пачалася Панарская бітва, найбуйнейшая за ўвесь час паўстаньня.
1846 — у штаце Нью-Джэрзі прайшоў першы ў гісторыі бэйсбольны матч.
1913 — у Паўднёвай Афрыцы парлямэнт прыняў закон пад назвай «Natives Land Act», які абмяжоўваў набыцьцё зямлі чарнаскурымі жыхарамі краіны. Гэты закон стаў падмуркам палітыкі апартэіду.
1926 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Народная справа».
1941 — у заходніх абласьцях Беларусі, Украіны, Малдовы адбылася апошняя перадваенная дэпартацыя «варожых элемэнтаў» і іх сямей.
1953 — у ЗША пакаралі сьмерцю на электрычным крэсьле Этэль і Юліюса Розэнбэргаў, абвінавачаных у перадачы Савецкаму Саюзу ядзерных сакрэтаў.
1988 — у Курапатах прайшоў мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў з патрабаваньнем стварыць сьледчую камісію.
2006 — на Шпіцбэргене заклалі Сусьветнае сховішча насеньня на выпадак «канца сьвету».
У гэты дзень нарадзіліся
1623 — Блез Паскаль, францускі матэматык, фізык і філёзаф.
1919 — Пятро Бітэль, беларускі перакладчык, літаратар, настаўнік.
1932 — Юлія Андрусышына, маці беларускага сьпевака і журналіста Багдана Андрусышына (Данчыка).
1941 — Іван Ласкоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык, крытык, гісторык.
1976 — Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар сайту Радыё Свабода, пачынальнік беларускай Вікіпэдыі.
У памяці
1992 — памёр Валеры Сьлюнчанка, беларускі архітэктар, мастак і рэстаўратар.
1993 — памёр Уільям Голдынг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1983 году.