Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100-годзьдзе Быкава ў Беларусі і за мяжой: плян імпрэзаў


Рэкляма сустрэчы памяці Васіля Быкава ў Беларускім доме ў Вільні
Рэкляма сустрэчы памяці Васіля Быкава ў Беларускім доме ў Вільні

19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка Васіля Быкава. У Беларусі і замежжы чакаюцца сустрэчы і вечарыны, прысьвечаныя памяці пісьменьніка. Сабралі папярэдні плян некаторых зь іх.

18 чэрвеня. Чытаньне-містэрыя новай п’есы Васіля Дранько-Майсюка «Васіль Быкаў і яго д’яблы»

П'еса — пра гісторыю чалавека, які помсьціў Сыстэме за яе жаданьне ператварыць яго ў паслухмянага раба, зазначае аўтар.

Пад музыку Сяргея Пукста выступяць:

  • Алена Баярава
  • Вольга Каралёнак
  • Сяргей Пукст
  • Васіль Дранько-Майсюк.

Варшава, ul. Foksal 11. Пачатак а 19-й гадзіне (20-й паводле беларускага часу). Рэгістрацыя тут.

Імпрэзы Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры

Месца правядзеньня: Музэй-лецішча Васіля Быкава (Ждановічы, вул. 6-я Дачная, 62).

19 чэрвеня. «Знаёмы незнаёмы Быкаў»

  • 13:00–14:00. Экскурсія па музэі-дачы (знаёмства з пастаяннай экспазыцыяй, дапоўненай рысункамі В. Быкава і экспанатамі з фондаў ДМГБЛ).
  • 14:30–16:00. Літаратурныя размовы з наведнікамі на падворку лецішча. Віктарына па загадкавых старонках творчасьці Васіля Быкава.
  • 16:00–17:30. Чаяваньне.

Вядоўца — старшая навуковая супрацоўніца І. Князева.

Уваход вольны.

20 чэрвеня. «Ведаць тое, аб чым пішаш»

Прыём наведнікаў, экскурсія-лекцыя, прысьвечаная пачатку творчага шляху і першым спробам пяра Васіля Быкава на прыкладзе апавяданьняў і аповесьцяў 1950–1960-х гг.

Уваход па квітках.

21 чэрвеня. «Шумныя бярозы»

14:00–17:30 Літаратурна-мастацкі пленэр з удзелам наведнікаў музэю: бліц-лекцыя па тэорыі літаратуры, чытаньне мастацкага эсэ Ірыны Князевай «Аўтамабіль, час і Васіль Быкаў», літаратурныя гульні, напісаньне ўдзельнікамі пленэру невялікіх уласных мастацкіх твораў, стварэньне ілюстрацый да іх.

Пленэр праводзяць рэдактарка аддзелу прозы часопіса «Нёман» Тацяна Дашкевіч і старшая навуковая супрацоўніца ДМГБЛ Ірына Князева.

Уваход па квітках.

22 чэрвеня. «Васільковы пленэр»

14:00–18:00. Росьпіс торбаў у тэхніцы маляваных дываноў на тэму «Выяўленьне вобразаў В. Быкава праз інсытнае мастацтва».

Праводзіць Ірына Князева.

Кошт — 30 руб. Запіс па тэл. +375 (29) 811-21-85.

19 чэрвеня. Прэзэнтацыя юбілейнай кнігі пра Васіля Быкава ў Празе

Асьветніцкая суполка «Скарына» і Нацыянальная бібліятэка Чэскай Рэспублікі запрашаюць на адкрыцьцё выставы і юбілейную сустрэчу з нагоды 100-гадовага юбілею нараджэньня Васіля Быкава. Пачатак а 16-й гадзіне (17:00 паводле беларускага часу).

Месца правядзеньня: Klementinum 190, Прага, Národní knihovna ČŘ, 1-ы паверх (выставачная заля).

Пачатак а 16-й гадзіне (17:00 беларускага часу).

19 чэрвеня. Лекцыя і дыскусія: «Доўгая дарога дамоў. Васіль Быкаў і Беларусь»

Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка. Выступоўца: паэт Андрэй Хадановіч.

Месца правядзеньня: Беларускі моладзевы хаб (Варшава, ul. Dożynkowa 6A).

Пачатак: 18:30 (19:30 менскага часу). Уваход дармовы.

19 чэрвеня. Выстава кніг Быкава ў Віленскім беларускім музэі, быкаўскія чытаньні

«Адбудуцца вольныя чытаньні фрагмэнтаў з кніг аўтара, чыё сэрца жыло Беларусьсю. Запрашаем усіх ахвочых прачытаць свае ўлюбёныя старонкі зь яго твораў уголас і (ці) паслухаць іх у выкананьні іншых чытачоў і чытачак. І, вядома ж, з радасьцю прапануем вам пазычыць кнігу вялікага беларускага пісьменьніка на добрае чытаньне дома!» — напісалі арганізатары.

Месца правядзеньня: «Чытальня», Беларускі музэй у Вільні, адрас: Vilniaus g. 20.

Час: 17:00–20:00 (18:00–21:00 менскага часу).

23 чэрвеня. Імпрэза ў Варшаве памяці Васіля Быкава

Чытаньне ўрыўкаў з твораў пісьменьніка, лекцыі пра творчасьць Васіля Быкава, успаміны сяброў і сучасьнікаў, спэктакль «Суд Сумленьня».

Выступоўцы: Зянон Пазьняк, Галіна Пазьняк, Зьміцер Бартосік і інш.

Месца правядзеньня: Беларускі дом у Варшаве (ul. Kryniczna 6).

Пачатак 14:00 (15:00 беларускага часу). Уваход дармовы.

23 чэрвеня. Сустрэча з Уладзімерам Арловым

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які добра асабіста ведаў Быкава, правядзе экскурсію па творчым сьвеце беларускага клясыка.

У праграме:

  • Новыя факты, а таксама нечаканыя ракурсы жыцьця і творчасьці Васіля Быкава;
  • Жывы голас народнага пісьменьніка Беларусі;
  • Быкаў як мастак;
  • Прэзэнтацыя новай кнігі Быкава «Бліндаж» з удзелам выдаўца, кіраўніка фонду Kamunikat.org Яраслава Іванюка;
  • Фрагмэнты ўспамінаў Карласа Шэрмана пра Васіля Быкава прачытае старшыня Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай;
  • Кніжны кірмаш з навінкамі беларускай літаратуры.

Месца правядзеньня: Цэнтар беларускай салідарнасьці, Oleandrów 6/2, Варшава.

Пачатак: 17:00 (18:00 беларускага часу). Уваход дармовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG