Эўракамісія ў сераду абвясьціла пра ўвядзеньне пошлін у памеры да 38,1% на электрамабілі, вырабленыя ў Кітаі. Пэкін прыгразіў мерамі ў адказ у дачыненьні да некалькіх катэгорый эўрапейскіх тавараў, піша Reuters.
Эўракамісія вырашыла рэзка павысіць пошліны (цяпер яны складаюць 10%) пасьля шматмесячнага расьсьледаваньня, якое тычылася вытворчасьці электрамабіляў у Кітаі. Праверка паказала, што вытворцы атрымліваюць шырокія дзяржаўныя субсыдыі, што дазваляе ім пастаўляць электрамабілі ў ЭЗ па заніжаных цэнах. Па словах намесьніка старшыні Эўракамісіі Маргарытыса Схінаса, такі дэмпінг становіць пагрозу для эўрапейскіх вытворцаў электрамабіляў.
Паводле новага рашэньня Эўракамісіі электрамашыны тых фірмаў-вытворцаў, што падалі расьсьледавальнікам інфармацыю, будуць абкладацца ў Эўропе пошлінай у 21%, а тых, што інфармацыю не падалі, — у 38,1%. Прычым гэтая норма тычыцца ня толькі кітайскіх, але і замежных кампаній, якія вырабляюць машыны на кітайскіх заводах, — напрыклад, Tesla.
Кітай выказвае нязгоду
Кітайская гандлёвая палата заявіла пра сваю глыбокую нязгоду з рашэньнем Эўракамісіі. Эўрапейскае расьсьледаваньне дзяржаўных субсыдый яна назвала «паляваньнем на ведзьмаў». Раней Міністэрства гандлю Кітаю ўжо папярэджвала Брусэль, што адказам на ягоныя недружалюбныя крокі могуць стаць абмежавальныя захады, якія тычацца імпарту ў Кітай эўрапейскіх самалётаў і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Больш за тое — Кітай пачаў праверку францускай вінаробнай індустрыі, а менавіта вытворцаў каньяку. Кітай — другі па велічыні (пасьля ЗША) імпартэр францускага каньяку, і абмежаваньне імпарту можа аказацца прыкметным ударам па вытворцах.
Форум