Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж грузавікоў МАЗ у Расею істотна ўпаў пад ціскам кітайскіх кампаній


Менскі аўтамабільны завод. Архіўнае фота
Менскі аўтамабільны завод. Архіўнае фота

МАЗ у красавіку прадаў у Расею на 10% менш новых грузавікоў, чым годам раней, гаворыцца ў дасьледаваньні «АСМ-холдынг».

У красавіку на расейскім рынку прадалі 524 новыя грузавікі Менскага аўтамабільнага заводу — на 9,8% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (581), паведамляе расейская кампанія «АСМ-холдынг».

За першую траціну 2024 году беларускае прадпрыемства рэалізавала 1878 адзінак гэтай тэхнікі (летась было 2000; −6,1%).

Прадукцыя Менскага аўтазаводу ў мінулым месяцы заняла 7-е месца ў сьпісе самых прадаваных брэндаў гэтага сэгменту аўтарынку Расеі, паведамілі экспэрты. Доля МАЗ на расейскім рынку склала 4,7%.

У пяцёрку лідэраў продажаў увайшлі чатыры кітайскія і адзін расейскі вытворца: SITRAK (1395; −32,8% да ўзроўню продажаў у красавіку 2023-га), КамАЗ (2164; −30,2%), Shaanxi (1324; −14,1 %), FAW (1182; 9,3%) і Dongfeng (789; рост у 3,6 раза).

Ніводная мадэль беларускага заводу ня трапіла ў дваццатку самых папулярных на рынку Расеі.

У 2023 годзе МАЗ прадаў 6406 новых грузавікоў — на 45,9% больш, чым за 2022-ы (4391).

На нарадзе аб разьвіцьці прамысловасьці 9 красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «айчынная прадукцыя саступае аналягам як па цане, так і па якасьці».

«Доля нашых грузавых аўтамабіляў [на расейскім рынку] зьнізілася — да 6%», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што пры рэалізацыі ў Расеі па схеме «вытворца — генэральны імпартэр — дыстрыб’ютар — дылер — канчатковы спажывец» цаана грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗа ўзрастае на 20%.

15 чэрвеня 2023 году першы віцэ-прэмʼер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Беларусі і Расеі «мае патрэбу ў апэратыўным прыняцьці спэцыяльных ахоўных захадаў з прычыны актыўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў».

«Гаворка ня проста пра павышэньне імпартных мытаў, тут поля для манэўру амаль няма. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавыя і спэцабаронныя захады», — сказаў Снапкоў.

Паводле яго, экспансія ўсходніх партнэраў на беларускім і расейскім рынках аўтамабільнай грузавой тэхнікі «відавочная», а дынаміка іх продажаў «палохае».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG