Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына становіцца пляцдармам Кітаю ў ЭЗ. Краіны падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве


Сі Цзіньпін і Віктар Орбан
Сі Цзіньпін і Віктар Орбан

Вугоршчына і Кітай падпісалі некалькі новых пагадненьняў, накіраваных на паглыбленьне эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва, падчас візыту ў Будапэшт старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Сі Цзіньпін і прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан правялі перамовы ў Будапэшце, які стаў апошнім прыпынкам у пяцідзённым эўрапейскім турнэ кітайскага лідэра. Перад гэтым Сі Цзіньпін пабываў у Сэрбіі і Францыі.

Агулам было падпісана 18 розных пагадненьняў і мэмарандумаў аб узаемаразуменьні.

На брыфінгу Орбан высока ацаніў «пастаяннае, бесьперапыннае сяброўства» паміж дзьвюма краінамі і паабяцаў, што ягоная краіна і надалей будзе прымаць кітайскія інвэстыцыі.

«Я хацеў бы запэўніць старшыню, што Вугоршчына будзе і ў далейшым забясьпечваць справядлівыя ўмовы для інвэстыцый кітайскіх кампаній у нашу краіну і што мы створым магчымасьць для таго, каб самыя сучасныя заходнія і самыя сучасныя ўсходнія тэхналёгіі сустракаліся і наладжвалі супрацоўніцтва ў Вугоршчыне», — сказаў Орбан.

Пэкін інвэставаў у Вугоршчыну мільярды даляраў і бачыць у ёй важны пляцдарм у Эўразьвязе — блёку, у які ўваходзяць 27 краін.

Напрыканцы мінулага году Віктар Орбан быў адзіным кіраўніком ураду краіны ЭЗ, які прысутнічаў у Пэкіне на саміце ініцыятывы «Пояс і шлях», стратэгічнай праграмы глябальнага пашырэньня кітайскай эканомікі. З Кітаю прэм'ер-міністар Вугоршчыны прывёз пагадненьне аб будаўніцтве першага ў Эўропе заводу электрамабіляў канцэрну BYD у горадзе Сэгед. Гэта найбуйнейшы кітайскі вытворца электрамабіляў, які можа сёлета стаць сусьветным лідэрам у галіне электрамабільнасьці. Сваім пашырэньнем, а таксама ўласнымі тэхналёгіямі для электрамабільных акумулятараў BYD выклікае, як піша «Голас Амэрыкі, паніку сярод заходніх аўтамабільных кампаній.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG