Пракуроры праверылі арганізацыю харчаваньня ў дзіцячых садках і школах Гомельскай вобласьці і знайшлі шматлікія парушэньні, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі.
Так, правяраючы адну са скаргаў, пракуроры выявілі, што ў некаторых дзіцячых садах Рэчыцкага раёну рыба, якую закуплялі, не адпавядала ўмовам заключанай дамовы пастаўкі — у прыватнасьці, не ўва ўсіх выпадках яна прыходзіла трыбушанаю.
«Пры праверцы таксама пацьвердзілася, што ў 2023 годзе і скончаным пэрыядзе 2024 году рыба неаднойчы пастаўлялася ў адзін зь дзіцячых садоў Рэчыцкага раёну ў непрыдатным для харчаваньня выглядзе — з гельмінтозам, у сувязі з чым яе вярталі пастаўшчыку», — расказалі ў Генпракуратуры.
Па выніках праверкі дамову з пастаўшчыком рыбы скасавалі, да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі службовых асобаў раённага цэнтру па забесьпячэньні дзейнасьці бюджэтных арганізацый у сфэры адукацыі.
Таксама пракуроры правялі выбарачную праверку 11 школ Гомля і знайшлі «шматлікія парушэньні заканадаўства аб арганізацыі харчаваньня дзяцей».
Так, выявілі факты, калі дзецям зь непераноснасьцю ляктозы давалі бульбянае пюрэ з дабаўленьнем малака, а іншым навучэнцам — апэльсіны, хоць лекары раілі выключыць вітамін С зь іх рацыёну. Гарбату для школьнікаў з цукровым дыябэтам выстаўлялі на агульныя сталы для ўсіх. «Пры гэтым вызначыць, у якой шклянцы знаходзілася гарбата бяз цукру, не ўяўлялася магчымым», — расказалі ў Генпракуратуры.
У большасьці школ пракуроры на момант праверкі выявілі «невыкананьне нормаў харчаваньня з дапушчальным адхіленьнем па асобных відах прадуктаў для ўзроставай катэгорыі 6–10 гадоў» і іншыя парушэньні санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў, дадалі ў Генпракуратуры.
Форум