У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачынаецца завочны суд над былым палітвязьням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам.
Новая крымінальная справа ў фармаце спэцвядзеньня была распачатая ў лістападзе 2023 году. Леаніда абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляе «Вясна».
Справу прызначаны разглядаць судзьдзя Анатоль Сотнікаў.
Леанід Судаленка — вядомы праваабаронца і юрыст, зьяўляўся кіраўніком Гомельскага адзьдзяленьня Праваабарончага цэнтру «Вясна». Пакінуўшы Беларусь, ён адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасьць на хутчэйшае вызваленьне беларускіх палітвязьняў.
- Леанід Судаленка — адзін зь першых праваабаронцаў, які пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году трапіў пад крымінальны перасьлед.
- Яго затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 году па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
- Суд Цэнтральнага раёна Гомля 3 лістапада 2021 асудзіў Леаніда на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзьняволенага праваабаронцу ў пералік «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
- 21 ліпеня 2023 году праваабаронца выйшаў на волю з ПК №3, цалкам адбыўшы тэрмін, і выехаў з краіны.
«Будзе судзьдзя ў мантыі і пракурор у мундзіры, але суду ня будзе»
Леаніду Судаленку, праваабаронцу, які ўжо адбыў за кратамі больш за 2,5 года, пагражае яшчэ 7 гадоў зьняволеньня, таму на свой суд у Беларусь ён не паедзе. Напярэдадні працэсу Свабода завярнулася да яго па камэнтар.
«У Гомлі ёсьць будынак абласнога суду на вуліцы Кірава, у судовай залі будзе судзьдзя ў мантыі і пракурор у мундзіры, будзе нават адвакат, але суду ня будзе. Бо гэтыя завочныя суды, якія прыдумаў Лукашэнка, — парушэньне Канстытуцыі. Калі канстытуцыйная законнасьць у Беларусі будзе адноўленая, а гэта абавязкова адбудзецца, усе, хто бярэ ўдзел у такіх завочных працэсах, будуць прыцягнутыя да адказнасьці, бо робяць злачынства», — мяркуе пра свой працэс Леанід Судаленка.
Новая крымінальная справа ў фармаце спэцвытворчасьці была пачатая супраць Судаленкі ў лістападзе 2023 году. Паводле дакумэнтаў, якія атрымаў праваабаронца, яго будуць судзіць па частках 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.
«Мне пагражае да 7 гадоў зьняволеньня і велізарны грашовы штраф — да 50 тысяч базавых велічынь. Падлічыў, што гэта штраф на дзясяткі тысяч даляраў. Зроблена ўсё наўмысна дзеля таго, каб накласьці такія спагнаньні, якія немагчыма сплаціць, і потым забраць маёмасьць», — кажа Судаленка.
Праваабаронца ведае, што ягоная справа складаецца з двух тамоў, але якія там сабраныя доказы ягонай віны, Судаленку невядома. З гэтай прычыны праваабаронца мяркуе, што гарантаваная Канстытуцыяй спаборнасьць бакоў на судзе ня будзе забясьпечаная. Да гэтага Леанід Судаленка дадае, што фактычна яго пазбавілі і права на абарону.
«Мяне будзе нібыта бараніць адвакат. Гэта адвакат юрыдычнай кансультацыі Навабеліцкага раёну Гомля Іна Грышчанка. Але як яна будзе мяне бараніць, калі нават ня ведае маёй пазыцыі, бо ёю не цікавіцца? Накіраваў адвод такой абаронцы, але яго не задаволілі. То бок гэта будзе не працэс, а з усіх бакоў фарс», — прадбачыць Леанід Судаленка.
Праваабаронца плянуе цягам 10 дзён ад заканчэньня прысуду падаць на вырак апэляцыйную скаргу. «Маю намер як мага больш лукашэнкаўскіх судзьдзяў уцягнуць у справу, каб потым таксама адказалі за свае дзеяньні», — кажа Леанід Судаленка.
Судзіць Леаніда Судаленку будзе судзьдзя Гомельскага абласнога суду Анатоль Сотнікаў.
Што такое «спэцвядзеньне»
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе могуць распачаць у дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый. Спэцыяльнае вядзеньне адбываецца ў выпадку, калі замежная дзяржава адмаўляе ў выдачы абвінавачанага або калі на працягу 6 месяцаў з моманту накіраваньня Генпракуратурай адпаведнага запыту ня будзе атрымана згода замежнай дзяржавы.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» спраў у Беларусі ўвялі ў дачыненьні да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта такім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
Форум