Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым ня судзіць, а помсьціць». Завочны суд у справе «аналітыкаў Ціханоўскай» камэнтуюць Рудкоўскі і Красуліна


Фігуранты справы «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай». Ілюстрацыйны каляж
Фігуранты справы «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай». Ілюстрацыйны каляж

У Менскім абласным судзе 31 траўня распачнецца судовы працэс у дачыненьні да 20 «ўдзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня „Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай“», у тым ліку журналіста Свабоды Юрыя Дракахруста.

Радыё Свабода папрасіла дваіх фігурантаў пракамэнтаваць завочны працэс у іхнай справе. Прэс-сакратарка офісу Ціханоўскай Ганна Красуліна назвала яго помстай і спробай рэваншу за паразу на выбарах 2020 году, а палітоляг Пётра Рудкоўскі ацаніў, на каго разьлічаныя такія працэсы.

Рудкоўскі: «Стаўка на тое, што кожны патэнцыйны агмень пратэстаў павінен зьнішчацца прэвэнтыўна»

Сярод тых, каго будуць завочна судзіць 31 траўня ў Менскім абласным судзе ў так званай «справе аналітыкаў Ціханоўскай», — палітоляг Пётра Рудкоўскі.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Пятру Рудкоўскаму, які ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой Беларусі, выставілі абвінавачаньне паводле сама меней чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з спробай гвалтоўнага захопу ўлады і стварэньня арганізацыі для захопу ўлады. Палітоляг адмаўляе выстаўленыя яму абвінавачаньні цалкам, а будучы працэс называе незаконным. Пётра Рудкоўскі паведаміў, што яшчэ ў 2021 годзе, калі на яго завялі крымінальную справу, атрымаў зь Беларусі паведамленьне з прапановай аб кантакце зь сілавікамі, але нават ня стаў на яго адказваць.

Пётра Рудкоўскі прызнаўся, што не асабліва непакоіцца за сябе ў сувязі з судовым працэсам, прызначаным на 31 траўня. Больш яго турбуе сытуацыя ў самой Беларусі — якія новыя рызыкі яна нясе беларусам, што засталіся на Радзіме.

«Бо я за межамі Беларусі, дзякуй Богу, у бясьпечным месцы. Але такі суд — гэта чарговае ўсьведамленьне, наколькі сур’ёзная, балючая, драматычная сытуацыя ўнутры Беларусі. Гэта ўзмацняе боль і трывогу за тых людзей, якія засталіся ўнутры Беларусі», — сказаў палітоляг Рудкоўскі ў інтэрвію Свабодзе.

Пётра Рудкоўскі адзначыў, што такія чыньнікі, як клопат пра імідж краіны ў вачах цывілізаванага сьвету, беларускія ўлады даўно не турбуюць.

«Пра клопат аб іміджы няма гаворкі. Такія дзеяньні найперш разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю, прычым толькі тую яе частку, якая падтрымлівае Лукашэнку. Гэта намэнклятура і сілавікі. Плюс звонку краіны — на расейскую аўдыторыю. Ну, можа яшчэ на аўдыторыю з трэціх, не заходнеэўрапейскіх краінаў гэта можа мець нейкі вынік. А задача будаваньня іміджу ў вачах Захаду даўно прыпынілася, і на дадзены момант такога зацікаўленьня зусім няма», — кажа палітоляг.

У чым жа тады сэнс такіх дзеяньняў? Рудкоўскі тлумачыць гэта некалькімі магчымымі прычынамі:

«Пры стварэньні такога агромністага кола „экстрэмістаў-тэрарыстаў“ можна яшчэ больш паглыбіць разьмежаваньне эмігрантаў зь беларусамі ў Беларусі. Паглыбляецца наша ізаляцыя, яшчэ больш слабеюць кантакты дыяспары зь Беларусьсю і, адпаведна, зьмяншаецца ўплыў дыяспары на сытуацыю ў краіне. А для ўлады пажадана зьвесьці гэты ўплыў увогуле да нуля.

Другое — гэта сытуацыя ў элітах. Лукашэнка бачыць, што там застаецца шмат сымпатыкаў да пратэстаў 2020 году, гэта прарываецца падчас ягоных прамоваў, што ён мае такія падазрэньні. Дык пры такім агромністым коле „экстрэмістаў-тэрарыстаў“ сілавікам не складзе цяжкасьці знайсьці кампрамат практычна на любога чыноўніка, які да 2020 году ці пасьля 2020 году сябраваў ці кантактаваў з тым ці іншым „экстрэмістам-тэрарыстам“. Канечне, не абавязкова, што гэта будзе адразу выкарыстана, але якраз гэты фактар яшчэ больш павялічвае няўпэўненасьць сярод чыноўнікаў», — мяркуе Пётра Рудкоўскі.

Палітоляг адзначае і трэці момант, які, на ягоную думку, зьвязаны з мэнтальнасьцю.

«Пасьля 2020 году сам Лукашэнка і сілавікі, якіх ён прызначыў весьці рэй у справе рэпрэсій, прагнуць паўтарыць гэты сталінскі спосаб улады. Калі тады гэта добра працавала, дык чаму б цяпер не паўтарыць? Стаўка робіцца на тое, што кожны патэнцыйны агмень пратэстаў павінен зьнішчацца прэвэнтыўна праз такія рэпрэсіі. Вось такія бачу мэты гэтай кампаніі», — расказаў Пётра Рудкоўскі.

Красуліна пра завочны працэс у «справе аналітыкаў Ціханоўскай»: «Рэжым ня судзіць, а помсьціць»

Прэсавы сакратар офісу Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна — сярод 20 абвінавачаных па справе. Ёй закідаюць парушэньне чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку распальваньне варожасьці і змову з мэтай захопу ўлады.

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

У інтэрвію Свабодзе Ганна Красуліна ня стала камэнтаваць гэтыя абвінавачаньні, назваўшы іх ня вартымі ўвагі.

«Бо ніхто з нас не чакае, што рэжым будзе спрабаваць высьветліць праўду і вынесьці справядлівае рашэньне. Ён ня судзіць, а помсьціць. І ня толькі сваім палітычным апанэнтам, але ўсяму беларускаму народу. Асноўная прычына падзеяў 2020 году ў тым, што рэжым Лукашэнкі ўвайшоў у вострую супярэчнасьць з патрабаваньнямі разьвіцьця беларускай дзяржавы і грамадзтва», — лічыць Ганна Красуліна.

Што да судовага працэсу, у якім яна фігуруе, Ганна Красуліна лічыць яго часткай кампаніі па запалохваньні змагароў з рэжымам і прапагандзе сярод тых, хто ўстрымліваецца ад актыўнай палітычнай барацьбы.

«Гэтыя суды, гэты перасьлед вядуць людзі, якія атрымалі ўладу незаконным шляхам», — мяркуе Ганна Красуліна.

Паводле яе, супярэчнасьць, якая выявілася ў 2020-м, ня вырашыцца пры захаваньні цяперашняга рэжыму.

«На рэальную справядлівасьць беларусы могуць разьлічваць толькі пасьля падзеньня рэжыму Лукашэнкі», — кажа актывістка.

Пасьля 2020 году рэжым Лукашэнкі ў Беларусі захаваўся дзякуючы зьнешняй сіле, прычым дзеля ўласнага ўратаваньня ён мусіў падзяліцца часткай кантролю над беларускім народам са зьнешняй сілай, мяркуе Красуліна.

«Прыбяры з-пад Лукашэнкі вонкавую падпорку — ён тут жа абрынецца», — кажа актывістка.

Амбасада ЗША пра суд над «аналітыкамі Ціханоўскай»: «Чарговая атака на правы чалавека»

Справа «аналітыкаў Ціханоўскай» зьяўляецца «чарговай атакай на правы чалавека і свабоду слова», заявіла амбасада ЗША 31 траўня.

Амэрыканскія дыпляматы падкрэсьлілі, што «завочны суд лукашэнкаўскага рэжыму над 20 апазыцыйнымі журналістамі і экспэртамі сёньня ў Беларусі — гэта спроба прымусіць замаўчаць іншадумцаў і запалохаць іх сем’і».

Пра «справу аналітыкаў Ціханоўскай»

25 студзеня Сьледчы камітэт Беларусі пачаў «спэцвядзеньне» па так званай справе «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай» супраць 20 чалавек. У сьпісе — незалежныя палітычныя аналітыкі, журналісты, сацыёлягі і эканамісты, якія даюць камэнтары незалежным беларускім мэдыя. У сьпісе ёсьць і некалькі супрацоўнікаў Офісу Ціханоўскай.

У сьпісе фігурантаў: Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна. Усе яны знаходзяцца за мяжой.

Справу будзе разглядаць судзьдзя Ўладзімер Арэшка. Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у «зьзяйсьненьні злачынстваў экстрэмісцкага характару ў сувязі з кампаніяй па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў постэлектаральны пэрыяд».

У чым абвінавачваюць адразу 20 чалавек:

  • у «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненым групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «закліках да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • у «змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357);
  • «уваходжаньні ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» (ч. 3 арт. 361-1).

СК сьцьвярджае, што ўсе яны «бралі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі распальваньню сацыяльнай варожасьці і звады ў грамадзтве».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG