Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Сусьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці робяць цэглу на фабрыцы непадалёк ад сталіцы Таджыкістану — Душанбэ
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці робяць цэглу на фабрыцы непадалёк ад сталіцы Таджыкістану — Душанбэ

Падзеі 12 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

12 чэрвеня 2002 году Міжнародная арганізацыя працы ўпершыню правяла Сусьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай. З таго часу штогод 12 чэрвеня ва ўсім сьвеце адзначаецца дзень барацьбы зь дзіцячай працай. Яго мэта — прыцягнуць увагу да праблемы і неабходнасьці мераў па яе ліквідацыі.

Паводле зьвестак ААН, сёньня 160 мільёнаў дзяцей па-ранейшаму занятыя ў сфэры дзіцячай працы — гэта амаль кожнае 10-е дзіця ў сьвеце. Хоць доля дзяцей, уцягнутых у дзіцячую працу, самая высокая — у краінах зь нізкім узроўнем даходу, іх колькасьць вышэйшая ў краінах з сярэднім узроўнем даходу. 9% усіх дзяцей у краінах з даходам ніжэйшым за сярэдні і 7% усіх дзяцей у краінах з даходам вышэйшым за сярэдні ўцягнутыя ў дзіцячую працу.

Таксама ў гэты дзень

1812 — войскі Напалеона перайшлі Нёман, пачалася вайна Францыі з Расеяй.

1867 — утвораная Аўстра-Вугорская імпэрыя.

1934 — у Менску на вуліцы Кірава ўрачыста адкрылі стадыён «Дынама».

Стадыён «Дынама» ў Менску
Стадыён «Дынама» ў Менску

1937 — у ноч на 12 чэрвеня па справе Тухачэўскага расстраляныя савецкія военачальнікі: Міхаіл Тухачэўскі, Іона Якір, Іеранім Убарэвіч, Аўгуст Корк і іншыя.

1942 — нацысты зьнішчылі габрэйскае гета ў Друі, загінулі 1318 чалавек.

1990 — прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР. Цяпер адзначаецца як дзяржаўнае сьвята — Дзень Расеі.

1991 Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі.

Інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, 1991
Інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, 1991

1999 — сухапутныя войскі NATO былі ўведзеныя на тэрыторыю Сэрбіі.

2012 — у Наваградзкім раёне разьбіўся вайсковы самалёт СУ-25. Пілёт падпалкоўнік Мікалай Грыднеў адпрацоўваў манэўры на гранічна нізкай вышыні. Калі машына пачала губляць кіраваньне, ён атрымаў загад катапультавацца, але загінуў, адводзячы машыну ад жылых дамоў вёскі Навіны.

У гэты дзень нарадзіліся

1855 Пётар Грацыяні, беларускі навуковец у галіне санітарыі, першы санітарны лекар Менску і галоўны лекар інфэкцыйнага шпіталя.

1895Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзяяч. Аўтар п’есаў: «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Зьбянтэжаны Саўка» і іншых. Рэпрэсаваны, расстраляны ў 1938 годзе.

Леапольд Родзевіч
Леапольд Родзевіч

1911 Мікола Панькоў, беларускі журналіст, бібліяфіл, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Латвіі, Нямеччыне і ЗША.

1924Джордж Буш-старэйшы, 41-ы прэзыдэнт ЗША.

Джордж Буш-старэйшы
Джордж Буш-старэйшы

1929 Ганна Франк, габрэйская дзяўчынка, вядомая дзёньнікам, дзе апісала жыцьцё пры нацызьме.

Ганна Франк
Ганна Франк

У памяці

1997Булат Акуджава, расейскі бард, паэт і пісьменьнік.

Булат Акуджава
Булат Акуджава

12 чэрвеня 1998 году ў Нью-Ёрку памёр Антон Адамовіч, гісторык, літаратуразнаўца й пісьменьнік, палітвысланец 1930-х, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Антон Адамовіч
Антон Адамовіч

2013 Дзіраэмон Кімура, які пражыў 116 гадоў, найстарэйшы з мужчынаў, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, чый век усталяваны пэўна.

2021 Ігар Жалязоўскі, наймацнейшы канькабежац сьвету, за свае перамогі ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. На Алімпіядзе ў Ліліхамэры Ігар стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Ігар Жалязоўскі
Ігар Жалязоўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG