Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінскага перабежчыка», які падтрымаў агрэсію Расеі і даваў інтэрвію ТРК «Гомель», асудзілі на 10 гадоў турмы


Сяргей Масьлюкоў, 2023
Сяргей Масьлюкоў, 2023

Дзясьнянскі раённы суд Чарнігава абвясьціў вырак. Стала вядома, што асуджаны ўцёк у Беларусь без дакумэнтаў.

Грамадзяніна Ўкраіны Сяргея Масьлюкова, які летась уцёк з Чарнігаўскай вобласьці ў Гомель, асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін пачне адлічвацца адразу пасьля яго фактычнага затрыманьня.

Згодна з выракам, «перабежчыка» пазбавілі на 15 гадоў права займаць пасады ў органах дзяржаўнай улады і мясцовага самакіраваньня. У той жа час суд скасаваў арышт на перададзены яму ў спадчыну дом ягонай памерлай маці — будынак арыштавалі на час сьледзтва.

Сяргея Масьлюкова асудзілі паводле ч. 1 артыкула 111-2 Крымінальнага кодэксу — наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу краіне-агрэсарцы. Яму пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе, а таксама з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады і ажыцьцяўляць пэўныя віды дзейнасьці. Суд ухваліў мінімальнае пакараньне.

У студзені 2024 году яго абвясьцілі ў міжнародны вышук. У той жа час сьледзтва не змагло вызначыць цяперашняе месца ягонага знаходжаньня.

У судзе выступілі тры сьведкі, якія апазналі Сяргея Масьлюкова па відэазапісе інтэрвію, якое ён даваў у сьледчым ізалятары Гомля мясцовым журналістам.

Адвакат палічыў доказы, сабраныя сьледзтвам, недапушчальнымі і недастатковымі, таму патрабаваў апраўдаць свайго падабароннага. Ён настойваў, што словы Сяргея Масьлюкова маглі змантаваць, але сьледзтва не правяло адпаведнай экпэртызы.

Як вынікае з сьведчаньняў колішняй жонкі Сяргея Масьлюкова, ён, магчыма, уцёк у Беларусь бяз пашпарта. Яна паведаміла, што пасьля яго зьнікненьня да яе «зьвярнуліся ягоныя сябры, каб яна, як колішняя жонка, адамкнула яго дом». Там яна знайшла ягоныя дакумэнты — унутраны пашпарт, пашпарт для выезду за межы Ўкраіны, вайсковы білет, пасьведчаньне аб нараджэньні. Гэтыя дакумэнты цяпер знаходзяцца ў яе.

Вядома, што пасьля сьмерці маці ў 2020 годзе Сяргей Масьлюкоў працаваў на сэзонных работах — у кацельнях, якія ацяплялі амбуляторыю і школу.

Згодна з выракам, Сяргей Масьлюкоў таксама абавязаны аплаціць дзяржаве 13 631 грыўню за правядзеньне сьледчых экспэртыз (прыблізна 340 даляраў у эквіваленце. — РС).

Паводле нацыянальнага заканадаўства, Сяргей Масьлюкоў можа абскардзіць вырак цягам 30 дзён. З судовага дакумэнту незразумела, ці падтрымлівае ён дачыненьні з адвакатам, які прадстаўляў ягоныя інтарэсы ў судзе.

Што папярэднічала

ТРК «Гомель» 9 кастрычніка 2023 году паведаміла, што жыхар Чарнігаўшчыны Мікалай прабіраўся ў Беларусь праз «украінскія мінныя палі».

У сваім інтэрвію «перабежчык», жыхар памежнай зь Беларусьсю вёскі Дабранка Чарнігаўскай вобласьці, выкарыстоўваў шаблёны расейскай прапаганды наконт вайны ва Ўкраіне — расказваў, што ва Ўкраіне за ўсімі сочаць і ўручаюць позвы, калі мужчына выходзіць у краму. Ён таксама выказаўся за тое, каб Расея хутчэй зьнішчыла Ўкраіну, а прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага назваў «наркаманам».

Сяргей Масьлюкоў разьвёўся з жонкай, якая дагэтуль жыве ў Дабранцы. У іх двое супольных дзяцей. У Гомлі жыве стрыечная сястра Сяргея Масьлюкова, а ягоны родны брат — у Расеі.

Жыхары вёскі Дабранкі зьдзівіліся паводзінам свайго земляка.

«Цяпер вёска ў шоку. Усе, хто яго ведаў, не маглі чакаць ад яго такой здрады. Жыў Сяргей на вуліцы, якая была бліжэй да мяжы зь Беларусьсю. Сам ён жыў у Дабранцы, таму ведаў усе сьцяжынкі да мяжы, тым больш што ў вёсцы недалёка ад мяжы ёсьць рэчка, якую лёгка можна было пераплысьці», — расказвалі жыхары Дабранкі ўкраінскім журналістам пра Сяргея Масьлюкова.

У студзені 2024 году стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу і абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Паводле ўкраінскага сьледзтва, Сяргей Масьлюкоў даваў інтэрвію ў гомельскім сьледчым ізалятары, дзе ён знаходзіўся з 10 кастрычніка 2023 году да 8 студзеня 2024 году. Потым яго выпусьцілі. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына, невядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG