З пачатку 2024 году аб’ём кантрабанды цыгарэт, перахопленых літоўскімі памежнікамі, зьменшыўся амаль удвая, але рызыка незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
«Са студзеня да траўня гэтага году памежнікі перахапілі больш за 587 тысяч пачкаў цыгарэт. У 2023 годзе за той жа пэрыяд гэты паказчык склаў больш за 1,1 млн пачкаў цыгарэт», — удакладняе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
У паведамленьні падкрэсьліваецца, што зьніжэньне паказчыкаў адбылося ў асноўным дзякуючы ўстаноўцы агароджы і сыстэмаў назіраньня на мяжы зь Беларусьсю, а таксама закрыцьцю часткі пунктаў пропуску.
Тым ня менш, паводле ацэнкі літоўскай памежнай службы, рызыка кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай.
Пасьля ўсталяваньня на мяжы зь Беларусьсю фізычнага бар’ера «кантрабандысты ўсё часьцей спрабуюць пераправіць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі па паветры», адзначае ведамства. Для гэтага яны выкарыстоўваюць грузавыя бесьпілётнікі і мэтэазонды.
Са студзеня да траўня 2024 году літоўскія памежнікі выявілі 76 выпадкаў кантрабанды цыгарэт з дапамогай паветранага транспарту (за той жа пэрыяд мінулага году такіх выпадкаў было 25), прычым цяпер кантрабандысты выкарыстоўваюць «больш магутныя дроны, якія дазваляюць перавозіць вялікія партыі на вялікія адлегласьці». Таксама сёлета ў Літве зафіксавалі ўжо 19 выпадкаў запуску мэтэазондаў з кантрабандай. У 2022 годзе такіх выпадкаў не фіксавалі, у 2023-м іх было ўсяго 3.
«Агулам у 2024 годзе памежнікі перахапілі 184 тысяч пачкаў цыгарэт, перапраўленых па паветры», — гаворыцца ў паведамленьні.
Яшчэ адзін папулярны спосаб перапраўкі кантрабанды зь Беларусі — па рэках Нёман і Нерыс, паведамляе ведамства. «У 2024 годзе выяўлена 20 такіх выпадкаў (за аналягічны пэрыяд мінулага году — 24). Такім спосабам сёлета спрабавалі пераправіць амаль 26 тысяч пачкаў цыгарэт», — адзначае ведамства.
- У лютым 2023 году літоўскі бок прыпыніў працу чыгуначнага кантрольна-прапускнога пункту Стасілас — Беняконі «ў мэтах спыненьня кантрабанды па чыгунцы зь Беларусі». З тых часоў «грузавыя цягнікі зь Беларусі праходзяць толькі праз КПП Кяна — Гудагай, дзе ўсталяваная сыстэма рэнтгенаўскага кантролю.
- Закрыцьцё 18 жніўня 2023 году пунктаў пропуску Шумск — Лоша і Цьверач — Відзы на беларуска-літоўскай мяжы, а з 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі — Катлоўка і Райгорад — Прывалка таксама пацягнула за сабой перанакіраваньне аўтатранспарту на абсталяваныя рэнтгенаўскімі ўстаноўкамі памежныя пераходы, што, паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, таксама прывяло да «значнага скарачэньня колькасьці кантрабандных цыгарэт, перахопленых памежнікамі».
Форум