Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз чэргі на выезд у ЭЗ на некаторых пунктах пропуску праходжаньне мяжы займае да двух дзён


Машыны на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота
Машыны на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота

Зь вечара 8 траўня перад мяжой ЭЗ з боку Беларусі пачалі павялічвацца аўтамабільныя чэргі. Падарожнікі паведамляюць, што чаканьне пераходу мяжы можа складаць да двух дзён.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, на 08:00 9 траўня ва ўсіх пунктах пропуску (акрамя «Берасьця») пасажырскага транспарту стала больш у параўнаньні зь вечарам учорашняга дня.

У чаце, дзе абмяркоўваюць праходжаньне мяжы праз пункт пропуску «Берасьце» (мяжа з Польшчай), людзі, якія едуць на асабістых аўтамабілях, паведамляе «Люстэрка», што чакаюць у чарзе больш за 24 гадзіны, пры гэтым у зону афармленьня яны яшчэ ня ўехалі. Яны мяркуюць, што ў цэлым чаканьне і праходжаньне кантролю на дзьвюх межах зойме 1,5-2 дні.

Ёсьць водгукі ад падарожнікаў, якія вырашылі схітраваць: учора каля 20:00 яны даехалі да памежнага пераходу, дабраліся да рэйсавага аўтобуса, які стаяў бліжэй да мяжы, і далей рухаліся зь ім. У гэтым выпадку людзі толькі пасьля 07:00 аформіліся на беларускім баку.

У Беняконях (мяжа зь Літвой) абстаноўка была крыху лепшай — чаканьне ў чарзе складала каля 24 гадзін.

Тыя, хто паехаў у Літву на аўтобусе праз Каменны Лог, усю ноч чакалі праходжаньня мяжы, у 8:40 яны яшчэ праходзілі літоўскі бок. Па заявах відавочцаў, усяго афармленьне праходзілі чатыры аўтобусы.

Людзі, якія выяжджаюць праз Грыгараўшчыну (мяжа з Латвіяй), адзначылі, што ў чарзе на аўтамабілі давядзецца чакаць афармленьня ня менш за 18 гадзін.

  • 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Пасьля вынясеньня палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў зьняволеньня) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
  • 19 верасьня 2023 года праз узрослую плынь нерэгулярных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG