Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Францыі заклікалі памяняць назву Беларусі ў францускай мове так, як гэтага хочуць беларусы


Францускі парлямэнт, архіўнае фота
Францускі парлямэнт, архіўнае фота

Дэпутат францускага парлямэнту Фрэдэрык Пэці, кіраўнік парлямэнцкай групы дасьледаваньняў Беларусі, зьвярнуўся ў Францускую акадэмію з ініцыятывай памяняць назву Беларусі ў францускай мове.

Цяпер па-француску назва гучыць як Biélorussie (з рас. Белоруссия), а дэпутат Пэці прапануе назву, блізкую да той, якой называюць сваю краіну самі беларусы, — Bélarus.

Раней з такой ініцыятывай выступалі таксама беларусы Францыі і беларускія дэмакратычныя сілы.

Француская акадэмія — галоўная ўстанова ў вызначэньні стандартаў францускай мовы.

Дэпутат Пэці прыводзіць розныя гістарычныя, моўныя і палітычныя аргумэнты на карысьць перайменаваньня. Ён сьцьвярджае, што старая назва зьвязаная з акупацыяй Беларусі Расейскай імпэрыяй. Самі ж беларусы хочуць, каб іх краіну называлі па-новаму, як гэта ўжо робіцца ў ААН і іншых буйных арганізацыях.

«Акрамя таго, што гэта важны сымбаль супраціву маскоўскаму імпэрыялізму, нам здаецца дарэчным, каб француская мова дапамагала нам палепшыць уяўленьне аб гэтай краіне і погляд на яе. Альбэр Камю пісаў, што „няправільна называць рэчы — значыць павялічваць няшчасьце гэтага сьвету“. У часе вайны наратываў, шматлікіх і хаатычных рэвізіяў гісторыі, у пару інфармацыйнай вайны, дзе нас кормяць ілжывымі навінамі, давайце правільна назавем гэтую эўрапейскую краіну, якая ня ёсьць ані рэгіёнам, ані складнікам Расейскай Фэдэрацыі. Мы заклікаем вас зьмяніць на карысьць найменьня Bélarus вашу афіцыйную рэкамэндацыю ў слоўніку і практыцы выкарыстаньня Францускай акадэміі», — аргумэнтуе дэпутат Пэці.

Ягоны зварот апублікаваў дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка.

У савецкі час у бальшыні моваў Эўропы і сьвету назва Беларусі калькавалася з словазлучэньня «Белая Расея» або трансьлітаравалася з расейскай назвы «Белоруссия».

Пытаньне зьмены назвы дзяржавы ў іншых мовах было пастаўлена на заканадаўчым роўні адразу пасьля абвешчаньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусі ў 1991 годзе. Закон «Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (...)» ад 19 верасьня 1991 году патрабаваў: «...Гэтыя назвы [Рэспубліка Беларусь, Беларусь] трансьлітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасьці зь беларускім гучаньнем».

Патрабаваньне адпавядае рэкамэндацыям ААН ужываць у іншых мовах «для новых незалежных краін і для краін, якія прымаюць новыя назвы, такія назвы, якія адпавядаюць наколькі мага афіцыйным мясцовым назвам разгляданых краін» (1982).

Працэс замены пачаўся, аднымі зь першых на форму Belarus перайшлі ў ангельскамоўных краінах. Сіла інэрцыі стрымлівае моўныя зьмены, але толькі апошнім часам на Belarus афіцыйна перайшлі ў Швэцыі (з Vitryssland, 2019), у Нямеччыне (з Weißrussland, 2020), у Даніі (з Hviderussland, 2021), у Нарвэгіі (з Hviterussland, 2022).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG