Эканамічны суд Менску пачаў працэдуру банкруцтва кампаніі «Нафтахімтрэйдынг», якой належала сетка АЗС «Трайпл», заўважыла «Наша ніва». Як вынікае з матэрыялаў справы, кампанія вінаватая крэдыторам больш за 4,5 мільёна даляраў.
Заяву на банкруцтва «Нафтахімтрэйдынгу» падаў яго асноўны крэдытор — Банк ВТБ (Беларусь), якому кампанія вінаватая 11,5 млн рублёў. Пры гэтым у закладзе ў банку знаходзяцца два аб’екты нерухомасьці, якія належаць даўжніку (пэўна, гаворка ідзе пра непрададзеныя АЗС).
Сам «Нафтахімтрэйдынг» дагэтуль лічыцца дзейнай арганізацыяй, вынікае з дакумэнту Эканамічнага суду. У яго штаце цяпер 5 супрацоўнікаў (трое зь іх — у дэкрэтным водпуску). Пры гэтым фактычна кампанія не працуе, бо ў 2021-м яе пазбавілі ліцэнзіі.
Нягледзячы на пярэчаньні прадстаўнікоў даўжніка, суд адкрыў справу аб банкруцтве і прызначыў чарговае пасяджэньне на 27 чэрвеня ў Эканамічным судзе Менску.
Летась запраўкі «Трайпл», якія належаць «Нафтахімтрэйдынгу», некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыёны.
- Юры Чыж, некалі набліжаны да Лукашэнкі самы ўплывовы бізнэсовец у Беларусі, знаходзіўся пад вартай з 15 сакавіка 2021 году. Яго затрымалі пасьля вяртаньня з Масквы.
- Разам з Чыжом затрымалі кіраўнікоў некалькіх кампаній — тых, што засталіся ў бізнэсоўца пасьля разгрому ягонай імпэрыі.
- Прэтэнзіі ў сілавікоў тады ўзьніклі да топ-мэнэджмэнту «Кварцкрэйдапраму» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забясьпечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будаўнічых матэрыялаў (таксама належыць Чыжу).
- Пасьля прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які тады пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх у Менску, перад гэтым забралі ліцэнзію на продаж паліва.
- На судзе ў лютым 2023 году Юрыя Чыжа прызналі вінаватым у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве, і прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. Як вынікае з прысуду, ад адбываньня ў калёніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакараньня тое, што ён ужо адседзеў. Па некаторых выстаўленых раней абвінавачаньнях Чыжа памілавалі. Бязь зьменаў пакінулі забарону на выезд зь Беларусі.
- Раней Юрыя Чыжа затрымлівалі ў 2016 годзе праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Неўзабаве ён выйшаў на волю, у гэты ж час вялося сьледзтва ў дачыненьні да ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава.
- Пазьней пачаўся падзел бізнэсу, вынікам чаго стала згортваньне шэрагу буйных праектаў групы кампаній.
Форум