Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 чалавек пацярпелі ў выніку аварыі з удзелам маршруткі ў Бабруйскім раёне, двое ў рэанімацыі


Фота зь месца здарэньня з тэлеграм-каналу УУС Магілёўскага аблвыканкаму
Фота зь месца здарэньня з тэлеграм-каналу УУС Магілёўскага аблвыканкаму

У Бабруйскім раёне 4 чэрвеня сутыкнуліся маршрутка і трактар. 9 чалавек даставілі ў бальніцу, двое зь іх — у рэанімацыі.

Аварыя адбылася 4 чэрвеня каля 15.00 на аўтадарозе Бабруйск — Мазыр паблізу вёскі Брожка Бабруйскага раёну. 32-гадовы кіроўца маршрутнага таксі Mercedes-Benz Sprinter сутыкнуўся з трактарам МТЗ, які рухаўся наперадзе ў спадарожным кірунку і зьдзяйсьняў паварот налева, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

У выніку ДТЗ з 17 пасажыраў 13 чалавек зьвярнуліся па дапамогу да спэцыялістаў хуткай мэдычнай дапамогі, якія прыбылі на месца аварыі, паведамляе Мінздароўя.

Двое пацярпелых самастойна зьехалі ў Рэчыцу, яшчэ 11 зьвярнуліся ў Бабруйскую бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі (БХМД) і ў Бабруйскую цэнтральную лякарню.

У Бабруйскую БХМД шпіталізавалі 4 пацярпелых: адзін зь іх у рэанімацыі, яшчэ трое — у аддзяленьнях. У Бабруйскую цэнтральную бальніцу шпіталізавалі 6 пацярпелых: адзін зь іх цяпер у рэанімацыі, яшчэ 5 шпіталізавалі ў аддзяленьні. 11-га пасажыра пасьля агляду і рэкамэндацыяў адправілі лекавацца амбуляторна.

На месцы працуюць супрацоўнікі ДАІ, высьвятляюцца абставіны здарэньня.

  • У Беларусі штогод адбываецца ад 7000 да 8000 ДТЗ, пры гэтым за год гінуць 1,5–2 тысячы чалавек, некалькі тысяч атрымліваюць траўмы.
  • Пасьля аварыі з удзелам маршруткі 20 лютага 2023 году, у выніку якой загінулі 11 пасажыраў маршруткі, а праз два тыдні ў бальніцы памерлі яшчэ адзін пасажыр і кіроўца таксі, транспартная інспэкцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспэкцыя пачалі ўзмоцненыя праверкі маршрутных таксі.
  • За 2023 год у выніку праверак у Беларусі канфіскавалі ў «нядобрасумленных» перавозчыкаў больш за 100 маршрутак.
  • 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў Беларусі «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адну (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
  • Таксама, паводле закону, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай відэаназіраньня, каб паездка фіксавалася на відэа. Перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых замовах, а таксама адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG