3 чэрвеня ў Доме міласэрнасьці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) на 104-м годзе жыцьця адышла ў вечнасьць сястра Цэцылія Абухоўская, былая генэральная ігуменьня Кангрэгацыі Сясьцёр Маці Міласэрнасьці, піша catholic.by.
Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1920 годзе. У 1950 годзе прынесла манаскія абяцаньні. У часы перасьледу веры пра тое, што яна зьяўляецца манашкай, ведалі толькі яе маці і родная сястра.
З 1959 года была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Горадзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат). Пасьля дзесяці гадоў служэньня прыехала разам з ксяндзом Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.
На працягу 25 гадоў была генэральнай ігуменьняй Кангрэгацыі Сясьцёр Маці Міласэрнасьці (Вастрабрамскай), адказвала за ўсю супольнасьць.
Цэцыліі за савецкім часам давялося ратаваць ад зьнішчэньня арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісаны паводле эскізу сястры Фаўстыны Кавальскай. Абраз захоўваўся ў сьвятыні невялічкай вёскі на працягу 30гад оў (1956–1986 гг.). Апынуўся там з прычыны ганеньняў на Каталіцкую царкву ў Літве. У Беларусі ж улады пастанавілі зрабіць з касьцёла ў Новай Рудзе гаспадарчы склад. Павыносілі амаль усе рэчы, узяліся разьбіраць алтар… Аднак абраз Езуса Міласэрнага пакінулі. Ён вісеў высока пад стольлю, і быццам не знайшлося драбін патрэбнай вышыні, каб зьняць яго, успамінала манахіня.
«За справу ўзяліся мы ўдзьвюх ды яшчэ спадар Вацлаў, кіроўца. Рабілі ўсё ў прыцемках, у вялікай таямніцы. Сястра Тэрэза хоць была значна старэйшая за мяне, вызначалася вялікай спрытнасьцю. Праз хоры мы ўзьлезьлі на гарышча і дэмантавалі частку драўлянай сьцяны. Затым сьцягнулі арыгінал і павесілі замест яго загадзя падрыхтаваную копію. На шчасьце, абраз ня быў цяжкі. Дасталі яго з рамы і скруцілі ў рулён».
Да Горадні манахіні дабраліся на машыне, а пасьля пераселі на цягнік да Вільні. Там пайшлі ў касьцёл Сьвятога Духа. Як і было ўзгоднена, сястра Цэцылія падышла да канфэсіянала, у якім спавядаў ксёндз пробашч Аляксандар Кашкевіч, і паведаміла, што прывезла абраз. У сьвятыні для яго ўжо было падрыхтавана месца і замоўлена пазалочаная рама.
Празь некаторы час рэліквію перанесьлі з касьцёла Сьвятога Духа ў касьцёл Сьвятой Тройцы, дзе паўстаў першы ў Літве санктуарый Божай Міласэрнасьці. Там абраз сустракае паломнікаў з усяго сьвету да сёньня.
Пахавальныя цырымоніі адбудуцца ў Каменцы. 4 чэрвеня а 19:00 адбудзецца перанясеньне цела Цэцыліі Абухоўскай з капліцы Дома міласэрнасьці ў парафіяльны касьцёл сьвятога Антонія і Аб’яўленьня Пана. Пройдуць сьвятая імша ў інтэнцыі спачылай, а пасьля імшы будзе магчымасьць памаліцца каля труны. 5 чэрвеня а 12:00 — пахавальная імша ў парафіяльным касьцёле; пасьля імшы — апошняе разьвітаньне і пахаваньне.
Форум