Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Манголіі затрымалі актывістаў, якія пратэставалі супраць візыту Лукашэнкі ў краіну


Аляксандар Лукашэнка (справа) ў час візыту ў Манголію
Аляксандар Лукашэнка (справа) ў час візыту ў Манголію

Раней былы прэзыдэнт Манголіі заклікаў арыштаваць Лукашэнку па прылёце ва Ўлан-Батар.

Мангольскі грамадзкі рух «Не вайне» зладзіў акцыю пратэсту супраць візыту Аляксандра Лукашэнкі ў краіну. Актывісты выйшлі на плошчу Сухэ-Батар у сталіцы Манголіі, дзе іх затрымала паліцыя, паведаміў мангольскі сайт news.mn.

Кіраўніка руху пратрымалі ў пастарунку 2,5 гадзіны. Ён адзначыў, што гэта была ўжо 112-я акцыя ў падтрымку Ўкраіны, але цяпер актывісты пратэставалі яшчэ і супраць прыезду Лукашэнкі.

«Лукашэнка — ваенны злачынца паводле міжнароднага крымінальнага права. Паколькі Манголія далучылася да Канвэнцыі, яна абавязаная арыштаваць Лукашэнку, як толькі ён прыбудзе ў Манголію. Аднак абвясьціць гэта дзяржаўным візытам высокага рангу і прытуліць гэтага чалавека ў краіне на чатыры дні пад першакляснай аховай — гэта акт, які падпадае пад міжнародныя санкцыі. Гэта паводзіны, якіх не павінна быць у зьнешняй палітыцы Манголіі.

Лукашэнка — паплечнік кіраўніка Расеі Пуціна. Ягонаму візыту супрацьстаялі, бо паводле Крымінальнага кодэксу ён зьяўляецца ваенным злачынцам», — патлумачыў палітычны дзеяч акцыю.

Удзельнікі руху заявілі, што зафіксуюць пабоі і будуць скардзіцца на незаконнае затрыманьне.

Раней пра недапушчальнасьць візыту ў краіну Лукашэнкі заявіў колішні прэзыдэнт Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж. Ён адзначыў, што ўлады Манголіі, каб выканаць міжнародныя абавязаньні, мусяць арыштаваць Лукашэнку.

Лукашэнка працягвае свой візыт ва Ўлан-Батар, ён пабываў у музэі Чынгісхана і падпісаў дамову аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Манголіяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG