Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мангольскія СМІ і прэсавыя службы дзяржаўных органаў адрэагавалі на прыезд Лукашэнкі


Сустрэча ў аэрапорце. Фота: прэс-служба прэзыдэнта Манголіі.
Сустрэча ў аэрапорце. Фота: прэс-служба прэзыдэнта Манголіі.

Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня прыбыў у Манголію зь першым афіцыйным візытам з моманту ўсталяваньня ў 1992 годзе дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і гэтай дзяржавай у Паўночна-Ўсходняй Азіі.

У міжнародным аэрапорце Чынгісхан за 50 км ад сталіцы краіны Ўлан-Батару, дзе самалёт кіраўніка Беларусі прызямліўся каля 21:00 паводле мясцовага часу (каля 16:00 паводле Менску), Лукашэнку сустрэла міністар замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг.

Па апублікаваных у СМІ і на сайтах прэс-службаў кадрах відаць, што цырымонія сустрэчы была такой жа, як падчас візыту прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў траўні 2023 году і фэдэральнага прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера ў лютым 2024-га.

Афіцыйныя крыніцы Манголіі адрэагавалі на прыбыцьцё Лукашэнкі стрымана. Прэсавыя службы МЗС і прэзыдэнта Манголіі, а таксама дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва МОНЦАМЭ распаўсюдзілі ідэнтычнае кароткае паведамленьне пра тое, што гэта першы візыт, што ён адбываецца на запрашэньне кіраўніка дзяржавы Ухнаагійна Хюрэлсюха.

«Падчас візыту прэзыдэнты дзьвюх краін правядуць афіцыйныя перамовы, і абодва бакі падпішуць больш за 10 дакумэнтаў паміж урадамі і ўстановамі. Таксама заплянаваны мангола-беларускі бізнэс-форум», — гэта апісана праграма візыту.

Прэсавая служба Лукашэнкі за некалькі дзён да візыту паведаміла, што на перамовах з прэзыдэнтам Манголіі плянуецца абмеркаваць «пэрспэктыўныя кірункі супрацы для максымальна поўнага раскрыцьця патэнцыялу беларуска-мангольскіх адносін». Было сказана, што гаворка пойдзе пра «магчымасьці пашырэньня ўзаемадзеяньня ў гандлёва-эканамічнай сфэры, пастаўкі на мангольскі рынак запатрабаванай харчовай і прамысловай прадукцыі айчынных прадпрыемстваў, сумесную працу па лініі аграпрамысловага комплексу».

  • 31 траўня кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка заявіў, што паездка Лукашэнкі ў Манголію не выпадковасьць і ня проста двухбаковы візыт, а «дзёрзкае і зьневажальнае пасланьне ўсёй міжнароднай супольнасьці і сыстэме міжнароднага правасудзьдзя».
  • Экс-прэзыдэнт Манголіі (2009–2017) Цахіягійн Элбэгдорж адрэагаваў на словы Латушкі і заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візытэра, які «зрабіў злачынствы супраць чалавечнасьці». Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны.
  • Дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за «рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасьці», заявіла, што «Лукашэнка павінен стаць перад міжнародным трыбуналам».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG