Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар песьні, папулярнай у Беларусі падчас пратэстаў, стаў прэзыдэнтам Каталёнскай нацыянальнай асамблеі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Марш за незалежнасьць Каталёніі ў Барсэлёне, 11 верасьня 2019 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Марш за незалежнасьць Каталёніі ў Барсэлёне, 11 верасьня 2019 году

Каталёнскі паэт і бард Люіс Ляк быў абраны новым прэзыдэнтам Каталёнскай нацыянальнай асамблеі — грамадзкага руху, які выступае за незалежнасьць Каталёніі ад Гішпаніі, паведамляе El Diario.

Люіс Ляк стаў пятым прэзыдэнтам з моманту стварэньня Каталёнскай нацыянальнай асамблеі ў 2012 годзе, яго абралі большасьцю галасоў (48 галасоў з 72).

Люіс Ляк (Lluís Llach) сусьветна вядомы як аўтар песьні «L'Estaca» («Слуп»), адзін зь беларускіх перакладаў якой — «Муры» — набыў новую папулярнасьць на мітынгах Сьвятланы Ціханоўскай у 2020 годзе, калі яна стала кандыдаткай у прэзыдэнты пасьля арышту мужа.

Люіс Ляк напісаў песьню ў 1968 годзе. «L’Estaca» адразу стала сымбалем барацьбы каталёнцаў супраць рэжыму Франсыска Франка, а пазьней адным з гімнаў каталёнскіх незалежнікаў. Ёсьць некалькі перакладаў песьні на беларускую мову.

Люіс Ляк актыўна ўдзельнічае ў каталёнскім руху за незалежнасьць і нават быў абраны ў парлямэнт Гішпаніі ў 2015 годзе ад незалежніцкага альянсу. Падчас палітычнай кампаніі ён сьпяваў сваю знакамітую песьню.

Напярэдадні, 31 траўня, парлямэнт Гішпаніі прыняў закон, што прадугледжвае амністыю сотняў каталёнскіх сэпаратыстаў, якім пагражае судовы перасьлед за ўдзел у няўдалай спробе аддзяленьня Каталеніі ад Гішпаніі ў 2017 годзе.

Рэфэрэндум 2017 году выклікаў палітычны крызіс у Гішпаніі: рэгіянальны парлямэнт Каталёніі абвясьціў незалежнасьць, а Мадрыд увёў простае кіраваньне рэгіёнам. У 2019 годзе Вярхоўны суд Гішпаніі асудзіў 9 каталёнскіх палітыкаў і ўрадоўцаў за іхную ролю ў несанкцыянаваным рэфэрэндуме і ў абвяшчэньні незалежнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG